Артыкулы: Віленска-Радамская унія 1401

Віленска-Радамскаяунія 1401, дзяржаўны саюз ВКЛ і Польшчы. Заключэнню уніі папярэднічаў разгром войска Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399 і рост уплыву кн. Свідрыгайлы, які прэтэндаваў на ўладу ў ВКЛ. У гэтых умовах Вітаўт згадзіўся на заключэнне новага дагавора з польскім каралём Уладзіславам ІІ (Ягайлам). Акт, што заклаў асновы новых узаемадачыненняў паміж ВКЛ і Польшчай, Ягайла выдаў у канцы 1400 каля воз. Круды паміж Гародняй і Мераччу (не захаваўся). 18.1.1401 у Вільні Вітаўт выдаў прысяжны акт Ягайлу, які перадаў яму ў пажыццёвае трыманне ВКЛ разам з рус. ўдзельнымі княствамі. Ягайла захаваў тытул вярхоўнага князя літоўскага, а Вітаўт афіцыйна набыў тытул вял. князя літоўскага (фактычна ім быў паводле ўмоў Востраўскага пагаднення 1392). Вітаўт стаў пажыццёвым гаспадаром ВКЛ і атрымаў поўную свабоду ў вырашэнні ўнутр. спраў. Пасля яго смерці ВКЛ павінна было перайсці да Ягайлы і яго нашчадкаў. Польскі бок абяцаў, што ў выпадку смерці Ягайлы і згасання яго дынастыі баяры ВКЛ будуць удзельнічаць у выбарах новага агульнага манарха. 18.1.1401 у Вільні біскупы, князі і баяры ВКЛ выдалі акт, у якім абавязаліся не парушаць дагавору паміж Ягайлам і Вітаўтам (да яго было прывешана 40 пячатак). Польскія паны аналагічны акт выдалі 11.3.1401 у Радаме (з 49 пячаткамі). Упершыню унія паміж ВКЛ і Польшчай набыла характар дагавора паміж 2 «паліт. народамі». Упершыню ў вырашэнні дзярж.-прававых спраў ВКЛ з Польскім каралеўствам удзельнічала баярства рус. зямель (з абодвух бакоў). У выніку заключэння В.-Р.у. ВКЛ было адроджана не толькі як тэрытарыяльная адзінка (што адбылося ў 1392), але і як дзярж. ўтварэнне (хоць і падлеглае Польшчы), тым самым адбылося юрыд. аднаўленне дзяржаўнасці ВКЛ.

Літаратура:

Halecki O. Dzieje unii jagiellońskiej. T. 1. Kraków, 1919;

Kutrzeba S., Semkowicz W. Akta unji Polski z Litwą, 1385—1791. Kraków, 1932.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.