Артыкулы: Віленская Васкрасенская царква

Віленская Васкрасенская царква

Знаходзілася ў Вільні на рагу Вялікай і Шкляной вуліц, недалёка ад ратушы. Была адной з важнейшых правасл. цэркваў горада. У 1511 упамінаецца ў грамаце мітрапаліта Іосіфа Солтана, у 1580 — у рэестры воскавай даніны з Віленскага брацтва. У 1609 перададзена уніятам, у якіх знаходзілася да канца 18 ст. У 1619 царкоўны дзядзінец з могілкамі абрагораджаны тынам, тут пабудавана некалькі дамоў. У 1632 уніяты абяцалі перадаць Уваскрасенскую царкву ў ліку 3 цэркваў праваслаўным, што не зроблена. Згодна з соймавай пастановай 1650, прынятай пасля Збораўскага дагавора 1649 з украінскімі казакамі, царква павінна была быць вернута праваслаўным, аднак гэта не выканана. У 1654 у Віленскай уніяцкай кансісторыі разглядалася справа аб прысваенні царкоўных рэчаў і грошай святаром Уваскрасенскай царквы Рыбінскім. Упамінаецца ў 1671 як цэлая. У 2-й пал. 17—18 ст. царква валодала некалькімі камяніцамі, якія здаваліся ў арэнду. У 1705 епіскап Гедэон Шумлянскі рукапалажыў для яе святара Якава Жываткевіча. У 1706 адрамантаваны 2 царкоўныя крамы і камяніца. Камяніца і крамы ў пач. 18 ст. здаваліся ў арэнду Вількіну і іншым асобам. У 1724 Стафан Гружэўскі падараваў Уваскрасенскай царкве 140 злотых, Марцыян Дамброўскі — двор каля радзівілаўскага палаца. У 1776 царква у руінах, пасля стала зусім лядашчай, таму святар Макрэцкі дамогся права перабудаваць яе ў жылы дом.

Падрабязнасці:

Крачковский Ю. Старая Вильна до конца XVII столетия. Вильна, 1893;

Крачковский Ю. Православные святыни города Вильны // Тр. IX археологического съезда 1893 года. М., 1897. Т. 2;

Добрянский Ф. Старая и новая Вильна. 3 изд. Вильна, 1904.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.