Артыкулы: Віленская Вялікая сінагога
Віленская Вялікая сінагога. Пабудавана ў Вільні на Нямецкай вул. па прывілеі караля польскага і вял. князя літоўскага Уладзіслава IV 1633 на месцы разбуранай у 1606 драўлянай сінагогі. Была вял. мураваным будынкам, амаль квадартным у плане. Каб вышыня сінагогі не перавышала акаляючую забудову (адно з патрабаванняў каралеўскага прывілея), яе падлога была апушчана ў грунт на 2 м. Асноўны аб’ём сінагогі — мужчынская зала памерамі 22,3 × 25 м, разлічаная на 3 тыс. чал. З трох бакоў яна была абкружана 2-павярховымі галерэямі. Уваход вёў у калідор-сенцы, над якім размяшчаліся памяшканні для кіраўніцтва кагала. Дзве галерэі прызначаліся для жанчын. Фасады сінагогі былі мала аздоблены, падзяляліся плоскімі пілястрамі, былі прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі і завяршаліся прафіляванымі карнізамі. Паўд.-ўсх. (звернуты да вуліцы) і паўн.-зах. фасады завяршаліся хвалістымі (?) франтонамі. У цэнтры мужчынскай залы стаялі 4 калоны тасканскага ордэру, якія падтрымлівалі скляпенне, аздобленае ляпнымі рэбрамі. У 1635 сінагога разгромлена ў час антысеміцкага выступлення віленскіх мяшчан, моцна пацярпела ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, пашкоджана пажарам 1748, пасля якога інтэр’еры набылі рысы ракако. Ніша для Торы (арон-кадэш) была вылучана калонамі, на ламаным карнізе ўладкавана раскошная разьба з выявамі львоў і вазонаў, паміж якімі была зроблена выява скрыжаляў. У канцы 18 ст. будынку нададзены рысы класіцызму, франтоны сталі трохвугольнымі, галерэі набылі дарычныя калоны. У 2-ю сусв. вайну сінагога моцна пацярпела, канчаткова зруйнавана ў 1957.
Літаратура:
DrėmaV. Dingęs Vilnius. Lost Vilnius. Исчезнувший Вильнюс. Vilnius, 1991;
Янкявічэне А. Вялікая сінагога ў Вільні // Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння. Мн., 1994.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


