Артыкулы: Віленская піярская друкарня
Віленскаяпіярскаядрукарня. Існавала ў Вільні з сярэдзіны 18 ст. прыкладна да 1840. Належала ордэну піяраў. Заснавальнік М.Догель. Прывілей на адкрыццё друкарні выдаў Аўгуст ІІІ у 1754. Першыя выданні выйшлі ў 1758, гэта былі складзеныя Догелем зборнікі дакументаў «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага» (т. 1) і «Граніцы Польскага каралеўства і Вял. кн. Літоўскага». Асн. месца сярод прадукцыі друкарні займалі падручнікі для піярскіх школ: польскай і франц. моў, філасофіі (у т.л. «Логіка» і «Выбраныя філасофскія меркаванні» К.Нарбута, 1769, 1771), прыродазнаўчых навук, матэматыкі, педагогікі (у т.л. творы Я.А.Каменскага, 1767—68). У 1774 выйшла «Усеагульная гісторыя» Я.Пучынскага. Выдадзены польскія пераклады прац франц. вучоных П.Саліньяка «Польская гісторыя» (т. 1—5, 1763—67) і Ж.Русе дэ Місі «Гісторыя расійскага народа» (т. 1—5, 1781), кніга Вальтэра «Век Людовіка XIV» (1793). Апублікавана перакладзеная з лац. мовы кніга Ш.Старавольскага «Апісанне Польскага каралеўства часоў Жыгімонта ІІІ» (1765). Выдавалася мастацкая літаратура, п’есы для школьнага тэатра (Я.Кушаля, Я.Збікоўскага і інш.). Творы рэліг. тэматыкі складалі каля чвэрці ўсіх выданняў. Сярод іх працы па агіяграфіі, багаслоўі, літургіцы, казанні (М.Ф.Карповіча, Е.Цяпінскага і інш.). Усяго ў 1758—99 друкарня выдала каля 320 кніг.
Літаратура:
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław; Kraków, 1959;
Самайлюк Т.А. Выдавецкая дзейнасць ордэна піяраў у Вільні (1754—1840) // Матэрыялы Другіх кнігазнаўчых чытанняў «Кніжная культура Рэчы Паспалітай»: (Мінск, 15—16 верасня 2000 г.). Мн., 2002.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


