Артыкулы: віленская пушкарня

віленская пушкарня, дзяржаўная майстэрня па вырабе гармат у Вільні. Мяркуецца, што заснавана вял. князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам у 1540-х г. Размяшчалася на былых землях кармеліцкага кляштара каля арсенала на Дольным замку. Некалькі майстроў для пушкарні прыслаў прускі герцаг Альбрэхт (Георга Герліха са Шмалькальдэна ў 1552, Мікалая Готшалка ў 1556). Шмат майстроў Жыгімонт Аўгуст прыслаў з Кракаўскай пушкарні, сярод іх былі Марцін Сякіра, Станіслаў Турэк Зіменскі з Любліна, Мікалай Дроздэк (усе 1552), Мацей Рыснічэр з Сілезіі (1554), Валенты Спілер, Ян Фаўнер з Нюрнберга, Дамінік Шмід з Торуні, старшыя пушкары Валенты Гафер і Андрэй Гнаўэр (усе 1555), Бенядыкт Кніпер (1557), Андрэй Фляўм з Аненберга, Георг Шольц з Нісы, Крыштоф Фрыч з Любоўлі, Марцін Крэйнер, Вальцін Ахтруд з Вроцлава, Тамаш Дзюрынг з Дрэздэна, Вальцін Чэп з Гуры, Ян Мюлер з Нюрнберга, Ян Недлер, Андрэй Сцікс з Рэгенсбурга, Георгій Кобер з Вроцлава, Анджэй Носек са Сжэсна, Анджэй Шыдлоўскі з Кракава, Бенядыкт Залдоўскі з Маравіі, Ваўжынец Кабіленскі з Кракава, Якуб Гембіцкі з Клепажа, Якуб Шмукеж з Прагі, Себасцьян Галер з Швайнфурта, Мікалай Пацін (усе 1563). Яшчэ адна партыя пушкароў паслана ў Вільню ў 1567. Былі таксама запрошаны злотнікі для аздаблення і апрацоўкі гармат: Эразм Кунч (1553), Георг Бімбгаўзен з Гданьска, Іаган Сахс з Ганзена ў Галшцініі, Іаган Арнстайн з Эмдэна, Генрых Мілянд са Страсбурга, Іаган Рослер з Іахімсталя, Іаган Якуб Шмідле з Цюрыха, Ян Менс з Аўгусты ў Чэхіі, Ян Вявёрка з Ланчыцы (усе 1554), Гаспар са Страдома (1555). Сярод віленскіх людвісараў вядомы таксама Шыман Гавіч (1553), Фларыян Сач (1554), Шыман Бухвіч. Пушкар і сотнік Андрэй Тольман у 1555 быў пасланы з Вільні ў Кіеў. Агульнае кіраўніцтва В.п. ажыццяўляў Гіоб Брэтфус, а пасля яго смерці (1571) — Дзюрынг з Дрэздэна. Сыравіна на В.п. прывозілася з Кракава, куды паступала з розных краін: медзь — з Венгрыі, свінец — з Гданьска і Олькуша, сталь — з Карынціі і Венгрыі. Асабліва актыўна В.п. працавала ў 1550-х г. Паволе данясення венецыянскага пасла, у 1560 у Вільні было 180 вял. гармат і мноста дробных. У канцы 16 ст. В.п. падтрымліваў кароль польскі і вял. князь літоўскі Стафан Баторый. Пры ім у пушкарні працавалі майстры Крыштоф Спрынгер і Геранім Віталі з Італіі, адліваліся цяжкія абложныя гарматы. У пач. 17 ст. зроблена вял. гармата «Віленскія браты», якая страляла 30-фунтавымі ядрамі. У час паходу на Смаленск у 1610 адліваў гарматы майстар Ян Роланд з 3 памочнікамі. У 1620—30-х г. працаваў людвісар Іаган Бротэльт з Латарынгіі, які адліў прынамсі 11 гармат. Пасля В.п. спыніла сваю дзейнасць.

Літаратура:

Brensztejn M. Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego. Wilno, 1924. S. 17—29.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.