Артыкулы: Віленская Пакроўская царква

Віленская Пакроўская царква, Віленская царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Знаходзілася ў Вільні на Пакроўскай вул. Мяркуецца, што менавіта В.П.ц. меў на ўвазе вял. князь літоўскі Аляксандр, калі пісаў у лісце да вял. князя маскоўскага Івана ІІІ, што недалёка ад Віленскага замка ёсць царква Прасвятой Багародзіцы, куды можа хадзіць маліцца яго дачка Алена. В.П.ц. адзначана ў прадажным запісе 1529 Настасьі Зяновічавай Івану Гарнастаю на суседні пляц. У 1546 былы настаяцель В.П.ц., архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры Іаан Матфеевіч запісаў у тастаменце святарам царквы мураваны дом для рэзідэнцыі (збудаваў яго раней на царкоўным грунце). З 1546 святаром В.П.ц. быў Павел Ніканавіч, з 1554 — Ярмола. Царква ўпамінаецца ў актах 1579, 1608, 1609. У 1609 перададзена уніятам. Да пажара 1610 на пляцы В.П.ц. стаялі дамы кравецкага цэха; падчас пажара яны згарэлі, а іх уладальнікі адбудоўваць іх не захацелі. У 1610 архімандрыт Іосіф Руцкі са згоды мітрапаліта Іпація Пацея дазволіў пабудавць тут дом шаўцу Матысу Ліпніцкаму. У 1619 царква стаяла занядбаная, у ёй ужо не праводзіліся службы. Суседні кальвінскі збор паступова завалодваў царк. землямі. У 1640 мітрапаліт двойчы пратэставаў супраць захопу кальвіністамі царкоўных зямель, а таксама падаў скаргі, што кальвінскі збор пабудаваны на царк. зямлі, а саму царкву кальвіністы перарабілі на камяніцу. У 1651 мітрапаліт скардзіўся, што канонік Пшэслаўскі набыў камяніцу на царк. грунце без яго згоды, а да царквы прыбудаваў мур. У 1652 мітрапаліт дазволіў віленскаму архімандрыту Дубовічу будавацца на царк. зямлі. У 1670 мітрапаліт падаў скаргу на кальвініста Раецкага з-за пабудовы ім на царк. грунце муроў. Камісія 1671 адзначыла, што разваліны царквы апынуліся сярод будынкаў Віленскага кальвінскага збора. Кальвіністы фактычна захапілі В.П.ц., разбіралі яе на цэглу, зацерлі старажытныя «грэчаскія» фрэскі, дом святара быў цалкам разбураны. Царква не была адноўлена. У 1671 мітрапаліт Календа пачаў судовы працэс з кальвіністамі з-за зруйнаваных царк. муроў і атрымаў каралеўскі мандат на вяртанне яму В.П.ц., Міхайлаўскай царквы і 2 камяніц. У далейшым працягваліся судовыя спрэчкі з-за валодання царк. пляцам.

Літаратура:

Крачковский Ю. Старая Вильна до конца XVII столетия. Вильна, 1893;

Яго ж. Православные святыни города Вильны // Тр. IX археологического съезда 1893 года. М., 1897. Т. 2;

Добрянский Ф. Старая и новая Вильна. 3 изд. Вильна, 1904.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.