Артыкулы: Віленскі сабор 1509—1510

Віленскі сабор 1509—1510 — сабор духавенства праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі ў Вільні 25.12.1509—18.1.1510.

Скліканы мітрапалітам Іосіфам ІІ Солтанам. У саборы ўдзельнічалі ўсе епіскапы (уладзімірскі і берасцейскі Васіан, смаленскі Варсанофій, луцкі і астрожскі Кірыла, полацкі і віцебскі Яўфімій, тураўскі і пінскі Арсеній, перамышльскі Антоній, холмскі Філарет), шэраг архімандрытаў, ігуменаў, пратапопаў, святароў.

25.12.1509 адбылася інтранізацыя мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана.

Прыняў саборны акт з 15 пунктаў, які стаў важным дакументам у барацьбе праваслаўнай іерархіі супраць умяшання свецкіх асобаў у царкоўныя справы, у падняцці ўнутранай дысцыпліны ў царкве. Асудзіў практыку падаравання вял. князем літоўскім пасад епіскапа і ігумена, калі яны яшчэ былі не свабоднымі, без згоды мітрапаліта, епіскапаў, рады правасл. князей і паноў. Пастанавіў, што ў выпадку, калі вял. князь дасць пасаду епіскапа або ігумена недастойнаму кандыдату, то царкоўны сабор павінен аспрэчыць гэта. Сабор забараніў свецкім патронам цэркваў самавольна выдаляць з храмаў святароў. Пастаноўлена, што святара павінен судзіць духоўны суд. У выпадку, калі патрон на працягу 3 месяцаў не прызначае ніякага святара на вакантнае месца, то яго такое права дадзена епіскапу. Святар, які пачаў службу ў храме па загаду патрона без згоды епіскапа, павінен быў пазбаўляцца сана. Пастаноўлена, што калі князь або пан захапіў царкоўную маёмасць, то яго трэба выклікаць на мітрапаліцкі суд, а калі ён не з’явіцца на такой суд — адлучаць ад царквы. Міранам забаронена мець Номаканон (кормчыя кнігі), каб не маглі самі разбірацца ў духоўных і царкоўных справах. Епіскапы абавязаны з’яўляцца на царкоўныя саборы. Ім забаронена ставіць святароў у чужыя епархіі, манахам забаронена без дазволу ігумена пакідаць свой манастыр. Епіскапы не павінны былі без правіннасці адымаць ў святароў і ігуменаў храмы і манастыры. Удовым святарам забаронена браць 2-і шлюб і служыць, яны былі павінны прымаць манаства. Саборны акт распаўсюджваўся ў спісах, быў надрукаваны ў кн. «Иже во святых отца нашего Иоанна Златоуста о священстве» (Львоў, 1614).

Асобна 25.12.1509, пры інтранізацыі мітрапаліта, сабор прыняў пастанову «О двух агнцах» пры пастаўленні святара, заснаваным на ўказанні канстанцінопальскага патрыярха Іаакіма І.

Падрабязнасц:

Памятники русской старины в западных губерниях Империи. Вып. 6. СПб., 1874. С. 163—170.

Деяния Виленского собора 1509 года // Русская историческая библиотека. Т. 4. СПб., 1878 (Памятники полемической литературы в Западной Руси. Кн. 1). С. 5—18.

Голубев С.Т. Объяснительные параграфы по истории западно-русской церкви. Киев, 1893. С. 28—32.

Довгялло Дм.Ив. Большой Виленский собор 1509 г. (400-летний юбилей) (1509—1909 г.) // Виленский календарь на 1909 простой год. Б.м., б.г. С. 46—53;

Покровский А.И. О Соборах Юго-Западной Руси XV—XVII вв. // Богословский вестник. 1906. № 10;

Немировский Е.Л. Франциск Скорина. Жизнь и деятельность белорусского просветителя. Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. С. 118—119;

Макарий (Булгаков). История Русской Церкви. Кн. 5. М., 1996. С. 106—110.

Флоря Н.Б. Виленский собор // Православная энциклопедия. Т. 8. М., 2004. С. 479—480.

Темчин Сергей. Обращение Литовской митрополии к константинопольскому патриарху Иоакиму I по вопросу о двух агнцах при поставлении пресвитера // Latopisy Akademii Supraskiej. Vol. 2. Kościół prawosławny na Bałkanach i w Polsce — wzajemne relacje oraz wspólna tradycja. Białystok, 2011. С. 135—139.

© Валерый Пазднякоў, 2010, 2016

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.