Артыкулы: Віленскі сабор 1514
Віленскі сабор 1514, сабор духавенства праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі ў Вільні. Скліканы мітрапалітам Іосіфам ІІ Солтанам для ўстанаўлення царкоўнага шанавання св. Елісея Лаўрышаўскага (відаць, князя Войшалка), які заснаваў манастыр каля Новагародка. У час татарскага нападу на ваколіцы Новагародка ў пач. 16 ст. (1503, 1505 або 1506) Лаўрышаўскі манастыр не быў крануты татарамі (згодна паданню, ім здалося што манастырскі двор быў запоўнены конніцай, хоць там нікога не было). Гэта было прыпісана заступніцтву св. Елісея. Афіцыйнае яго шанаванне павінна было павысіць аўтарытэт правасл. царквы ВКЛ. Сабор устанавіў свята Елісея ў дзень яго скону — 23 кастрычніка. У гэты час, відаць, было складзена жыціе св. Елісея (не дайшло да нашага часу). Пасля Берасцейскага сабора 1596 св. Елісея шанавалі уніяты (да сярэдзіны 17 ст.).
На саборы таксама абмяркоўвалася пытанне аб аўтаномным становішчы Супрасльскага манастыра, у выніку якога мітрапаліт Іосіф ІІ выдаў 5.2.1514 ліст з абяцаннем не ўмешвацца ў справы манастыра, не збіраць з яго паборы і пастаўляць ігуменам таго, каго абіруць манахі.
Літаратура:
АВАК. Т. 1. С. 38—41;
Макарий (Булгаков). История Русской Церкви. Кн. 5. М., 1996.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


