Артыкулы: Віленскі сінод 1527
Віленскі сінод 1527, сінод Віленскай рымска-каталіцкай епархіі. Скліканы біскупам Янам з князёў літоўскіх у 2-й пал. 1527 (або, магчыма, у пач. 1528). Адбыўся пасля правінцыйнага сінода Гнезненскай мітраполіі 3.7.1527 у Лэнчыцы. Перад В.с. была праведзена генеральная візітацыя Віленскай рымска-каталіцкай епархіі (пачалася ў 1525). В.с. скліканы для ажыццяўлення пастаноў 5-га Латэранскага сабора аб умацаванні каталіцкай веры і рашэнняў Лэнчыцкага сінода. Быў скіраваны супраць набіраўшых моц пратэстанцкіх веравучэнняў. У сінодзе ўдзельнічалі члены капітула, дэканы, абаты, пробашчы. Прыняў рашэнні зменшыць адпраўленне царкоўных святаў, колькасць якіх да таго часу значна вырасла, а таксама працэсій са Святымі Дарамі, прытрымлівацца аднолькавага парадку богаслужэння. Загадаў адчыняць парафіяльныя школы, для чаго былі вылучаны сродкі на ўтрыманне настаўнікаў, пры чым забаронена прыймаць настаўнікаў-немцаў. У школах павінны былі выкладацца Евангелле і пасланні св. Паўла, па-літоўску і па-польску. Пастановы сінода, разбітыя на 18 артыкулаў, былі надрукаваны: «Statuta Vilnensis Dioecesis Synodaliter per Ill-m Principem et R-m D-num Joannen e ducibus Lithuaniae... » (Кракаў, 1528). Аўтарам гэтай кнігі, якая была разаслана па епархіі, лічыцца Ежы Солак (Талат) з Эйшышак і Ян Даманоўскі, рэдагаваў яе сам біскуп.
Літаратура:
Kurczewski J. Kościół zamkowy czyli katedra wileńska w jej dziejowym, liturgicznym, architektonicznym i ekonomicznym rozwoju. Wilno, 1908;
Sawicki J. Concilia Poloniae: Źródła i studia krytyczne. T. 2. Synody diecezji wileńskiej i ich statuty. Warszawa, 1948.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


