Артыкулы: Віленскі сінод 1669
Віленскі сінод 1669, сінод Віленскай рымска-каталіцкай епархіі. Скліканы біскупам Аляксандрам Казімірам Сапегам 11—13 сак. ў Віленскім кафедральным касцёле. Удзельнічалі біскупы жамойцкі Казімір Пац, смаленскі Іаган-Готард Тызенгаўз, члены Віленскага капітула, абаты, пробашчы. Устанавіў правілы адпраўлення абрадаў, абавязкі святароў. Прыняў рашэнні, што вікарыя можна прыймаць на пасаду толькі пасля здачы ім экзамена і выдачы яму пасведчання ад біскупа; пралаты павінны стала знаходзіцца пры кафедральным касцёле; святара забаронена адпраўляць мшу ў прыватных дамах; 4 разы ў год чытаць у касцёлах пасля казанняў па-польску і па-літоўску дэкрэт Трыдэнцкага сабора адносна царк. шлюбу і разводу; пільнаваць правільнасць заключэння шлюбу і давання разводу; святарам забаронена пакідаць епархію без дазволу біскупа; пробашчы павінны жыць пры касцёлах, а не ў фальварках; святары павінны клапаціцца пра цэласнасць касцельных маёнткаў, не прадаваць і не абменьваць іх, клапаціцца пра касцёл, касцельнае начынне і дакументы; касцельныя маёнткі не могуць давацца ў арэнду яўрэям; строга пільнаваць посты; пахаванні павінны быць сціплымі; святары павінны прытрымлівацца звычайнай касцельнай вопраткі; забаронена даваць бенефіцыі іншаземцам, якія не ведаюць польскую і літоўскую мовы. Былі вызначаны сінадальныя суддзі, экзаменатары кандыдатаў на бенефіцыі, цэнзары кніг. Пастановы сінода, падзеленыя на 33 артыкулы, былі надрукаваны: «ActaSynodiDiaecesisVilnensisPraesidenteIllustrissimoacReverendissimoDominoD. AlexandroSapieha...» (Вільня, 1669).
Літаратура:
Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileńskich. T. 3. Petersburg, 1860;
Kurczewski J. Kościół zamkowy czyli katedra wileńska w jej dziejowym, liturgicznym, architektonicznym i ekonomicznym rozwoju. Wilno, 1908;
Sawicki J. Concilia Poloniae: Źródła i studia krytyczne. T. 2. Synody diecezji wileńskiej i ich statuty. Warszawa, 1948.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


