Артыкулы: Віленскі сінод 1744
Віленскі сінод 1744, апошні сінод Віленскай рымска-каталіцкай епархіі. Скліканы біскупам Міхалам Янам Зянковічам 10—12 лют. ў Віленскім кафедральным касцёле. Сіноду папярэднічала генеральная візітацыя Віленскага біскупства, якая пачалася ў 1743. Удзельнічалі біскупы смаленскі Багуслаў Гасеўскі, інфлянцкі Юзаф Пузына, члены Віленскага капітула, шмат дэканаў і пробашчаў. Было пастаноўлена: пробашчы павінны праводзіць катэхізацыю па нядзелях, прамаўляць у «народнай» мове асноўныя малітвы, не дапускаць да споведзі тых, хто не ведае асноў веры; дэканы павінны пільнаваць, каб пратэстанты не будавалі зборы і не навучалі дзяцей католікаў, іх святары павінны насіць больш кароткую вопратку, чым ксяндзы; дзеці ад мяшаных шлюбаў павінны выхоўвацца ў каталіцтве. Забаронена панам аддаваць падданых хрысціян на службу яўрэям, баляваць з яўрэямі, жыць разам з імі, запальваць ім свечкі ў святы, чысціць ліхтары, есці мацу, запрашаць акушэрак-яўрэяк, дапушчаць пахаванне яўрэяў у дзень. Забаронена выпрабоўваць чараўнікоў праз кіданне іх у ваду, судзіць іх без дазволу пробашча або ўпаўнаважанай біскупам асобы. Для лепшага вядзення гаспадаркі святкаванне святаў, што прыпадалі ў ліпені, жніўні і верасні на панядзелак—суботу перанесена на нядзелю. Забаронена хрысціць дзяцей у прыватных дамах, хіба што ў час марозаў ці пры хваробе. Спавядаць хворых дазвалялася толькі тады, калі яны ў прытомным стане. Перад даваннем шлюбу святары павінны даследаваць, ці няма перашкод для яго заключэння; разводы ўскладнены. Святары павінны быць прыкладам сціплых паводзін, пазбягаць балявання, не прымаць ад свецкіх уладаў выканнання якіх-небудзь абавязкаў, стала жыць пры касцёле. Дыяцэзіяльны канцлер павеінен прынамсі 6 месяцаў, ад красавіка да жніўня, знаходзіцца ў Вільні, трымаць у парадку архіў і прадастаўляць неабходныя дакументы для абароны касцельных спраў. Сінод пацвердзіў перадачу кіравання Віленскай духоўнай семінарыяй ксяндзам-камуністам, якім аддадзены і семінарскія маёнткі; тэрмін навучання ў семінарыі ўстаноўлены ў 3 гады; над семінарыяй наглядаць павінны правізары. Прадпісана трымацца пастановы Трыдэнцкага сабора ў адносінах да кандыдатаў на святарства. Дэканы павінны затрымліваць вандроўных капланаў і адсылаць іх у біскупскую вязніцу на 2 месяцы. Прыходскія святары павінны выконваць распараджэнні дэканаў як намеснікаў біскупа пад пагрозай штрафа 10 коп грошаў. Святары павінны пры напісанні тастамента запісваць трэцюю частку сваёй маёмасці на карысць касцёла або алтарыі, з якіх мелі даходы. Членам манаскіх ордэнаў забаронена ўмешвацца ў справы парафіяльнага духавенства. Місіянеры могуць дзейнічаць толькі са згоды біскупа, якому яны павінны даваць справаздачу. Вызначаны кляштары на штогадовыя рэкалекцыі для духавенства. Прадпісана аднавіць алтарыі, што заняпалі, а таксама касцельныя брацтвы; памерлых хаваць у касцёлах і на цвінтарах, а не па лясах і палях, убогіх хаваць дарма, не вымагаць незвычайнаў узнагароды за пахаванне. Усім рэкамендавана прытрымлівацца постаў. Былі вызначаны цэнзары кніг для прагляду кнігарняў, сінадальныя суддзі і экзамінатары з ліку членаў капітула. Пастановы сінода, падзеленыя на 34 артыкулы, былі надрукаваны: «Synodus Dioecesana Vilnensis Ab Illustrissimo, ExcellentissimoacReverendissimoDominoD. Michaele Joanne Zienkowicz...» (Вільня, 1744).
Літаратура:
Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileńskich. T. 3. Petersburg, 1860;
Kurczewski J. Kościół zamkowy czyli katedra wileńska w jej dziejowym, liturgicznym, architektonicznym i ekonomicznym rozwoju. Wilno, 1908;
Sawicki J. Concilia Poloniae: Źródła i studia krytyczne. T. 2. Synody diecezji wileńskiej i ich statuty. Warszawa, 1948.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


