Артыкулы: Віцебская вучоная архіўная камісія
Віцебская вучоная архіўная камісія, гістарычнае таварыства Віцебскай губ. ў 1909—19. Створана 31.5(13.6).1909 па ініцыятыве Е.Р.Раманава, А.П.Сапунова, В.С.Арсеньева. Паводле статута мела на мэце ахову помнікаў гісторыі і культуры, вывучэнне і папулярызацыю гісторыі роднага краю, збіранне прадметаў старажытнасці, правядзенне археалагічных раскопак, збор і вывучэнне старадаўніх рукапісаў і дакументаў, арганізацыю экскурсій па гіст. месцах, выданне навуковых і папулярных прац па гісторыі, геаграфіі, археалогіі і этнаграфіі Віцебшчыны. Да канца 1910 камісія налічвала 28 членаў-заснавальнікаў, 99 ганаровых членаў (сярод іх Дз.Н.Кайгарадаў, Я.Ф.Карскі, В.В.Ключэўскі, А.С.Лапа-Данілеўскі, П.П.Сямёнаў-Цяньшанскі, А.А.Шахматаў, Б.I.Эпімах-Шыпіла), 325 правадзейных членаў (сярод іх мясц. гісторыкі і краязнаўцы М.В.Анцаў, К.А.Змігродскі, У.А.Кадыгробаў, Дз.С.Леанардаў, М.Я.Нікіфароўскі, У.К.Стукаліч, К.I.Ціхаміраў) і 15 членаў-супрацоўнікаў. Старшыні камісіі: Арсеньеў, Кадыгробаў [з 26.9(9.10).1910] і Ціхаміраў. Камісія мела праўленне, савет, гіст. архіў (314 спраў), музей (у ім 1069 манет і 39 медалёў), б-ку (3700 тамоў). Існавала на субсідыі ўрада (адначасова 500 руб. і 200 руб. штогод), членскія ўзносы, грашовыя ахвяраванні ад прыватных асоб і ўстаноў, зборы з лекцый. У 1910 па ініцыятыве камісіі адкрыты Віцебскі настаўніцкі інстытут, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага ін-та. Мела кантакты больш чым з 100 навуковымі ўстановамі Расіі і замежных краін. Пры ёй была камісія для разгляду архіўных спраў ва ўстановах. Выдавала перыядычны зборнік «Полоцко-Витебская старина». Ліквідавана ў сувязі з утварэннем Віцебскага губернскага архіўнага ўпраўлення. Архіў, музей і б-ка перада-дзены Віцебскаму аддзяленню Маскоўскага археал. ін-та.
Літаратура:
Арсеньев В.С. Личный состав Витебской учёной архивной комиссии к 31 мая 1910 года. Витебск, 1910;
Змигродский К. А. Каталог монет и медалей музея Витебской учёной архивной комиссии. Витебск, 1911;
Мельникова М. Каталог Архива Витебской учёной архивной комиссии. Витебск, 1912;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в.—30-е годы XX в. Мн., 1996. С. 167—169;
90 гадоў Віцебскай вучонай архiўнай камiсii: Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, 24 лiстапада 1999 г., г. Вiцебск. Мн.; Віцебск, 2000;
Шумейко М.Ф. Белорусская археография в ХIX—XX вв.: (Проблемы теории, истории, методики). Мн., 2007.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


