Артыкулы: Віцебскі Успенскі манастыр
Віцебскі Успенскі манастыр. Успенскі (Прачысценскі) манастыр у Віцебску на высокім левым беразе Дзвіны (пасад Узгор’е, з 17 ст. Узгорскі замак) вядомы з 1406, спачатку быў мужчынскі, з 16 ст. жаночы. З 16 ст. царква манастыра мела статус сабора, была 2-й (пасля Полацкага Сафійскага сабора) кафедрай полацкіх архіепіскапаў. З пач. 17 ст. сабор уніяцкі. Пры ім знаходзіўся двор (рэзідэнцыя) полацкіх архіепіскапаў, дзе ў час Віцебскага паўстання 1623 забіты І.Кунцэвіч. У 1629 сабор згарэў, у 1636 адбудаваны. Пасля 1672 на сродкі віцебскага земскага пісара А.Ф.Кісяля пабудаваны новы сабор, пры ім у 1682 заснаваны базыльянскі мужчынскі манастыр. Усе пабудовы згарэлі ў 1708, пасля адбудаваны. Муравныя сабор і манастыр пачаў узводзіць у 1743 арх. Ю.Фантана у стылі барока на сродкі мяшчан Віцебска і шляхты. За ўзор быў узяты касцёл Сан-Карла-аль-Корса ў Рыме (1612—80-я г.). З-за недахопу сродкаў будаўніцтва зацягнулася і скончана толькі ў 1780-х г. (у 1785 сабор асвячоны ў гонар Успення Багародзіцы і ў імя св. пакутніка Іасафата Кунцэвіча, але будаўнічыя работы працягваліся). Быў адным з самых вялікіх у Рэчы Паспалітай (даўжыня 66 м, шырыня 33 м, вышыня ад падлогі да столі гал. нефа 22,5 м). Сабор — 3-нефавая крыжовая ў плане базіліка з 2 вежамі на гал. фасадзе. Па баках меліся па 3 капліцы з выхадамі да бакавых нефаў, накрытых з імі агульным дахам. Паўкруглая апсіда была абкружана прэсбітэрыем, канцы якога выходзілі ў крылы трансепта і далей у бакавыя нефы. Да прэсбітэрыя з супрацьлеглых бакоў былі далучаны 2-павярховыя сакрыстыя і скарбец. Гал. фасад адпаведна нефам і радам капліц меў 5-часткавае чляненне, падкрэсленае парнымі калонамі і пілястрамі. Сярэдняя выгнутая ўперад 3-ярусная частка завяршалася хвалістым перарывістым гзымсам. Вежы па восях капліц былі 4-ярусныя, завершаныя фігурнымі купалкамі. У дэкоры фасадаў выкарыстана ордэрная архітэктурная пластыка, філёнгавыя рамы, разнастайныя абрамленні праёмаў і інш. Інтэр’ер быў упрыгожаны лепкай, мураваным іканастасам. Цэнтр. неф і трансепт былі перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Гал. мураваны манастырскі корпус размяшчаўся на Пн ад сабора, 3-павярховы, Т-падобны ў плане, гал. фасадам арыентаваны на Дзвіну. Мае калідорную сістэму планіроўкі: уздоўж аднабаковага калідора, перакрытага цыліндрычнымі скляпеннямі, першапачаткова размяшчаліся келлі і розныя службовыя памяшканні, якія 20 вокнамі выходзілі на Дзвіну. Бакавыя фасады мелі па 3 акны на паверсе і завяршаліся фігурнымі шчытамі. З боку двара прыбудавана 2-павярховае крыло, дзе знаходзіліся трапезная, школа і бібліятэка. Гал. фасад на ўсю вышыню будынка аздоблены пілястрамі, паміж якімі размешчаны прамавугольныя аконныя праёмы з простымі ліштвамі і падаконнымі нішамі; будынак завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Корпус мае калідорную сістэму планіроўкі з крыжовымі (у памяшканнях) і цыліндрычнымі (у калідоры) скляпеннямі. Гал. корпус галерэяй злучаўся з саборам. Перад ім быў разбіты вузкі сад, абгароджаны мурам. На манастырскім двары стаялі 1-павярховыя гасп. пабудовы. У 1799 сабор перададзены праваслаўным, у будынках манастыра размешчаны адміністрацыйныя ўстановы, з 1856 дзейнічала духоўная семінарыя. Сабор у час рамонтаў страціў барочныя дэталі і набыў рысы класіцызму, быў надбудаваны 8-гранны барабан са сферычным купалам з драўляным ліхтаром. У 1936 сабор узарваны, цяпер аднаўляецца.
Літаратура:
Хмяльніцкая Л.У. З гісторыі Віцебскага базыльянскага кляштара // Віцебскі сшытак. 1996. № 2;
BoberskiW. PóźnobarokowacerkiewkatedralnawWitebskuijejrzymskipierwowzór // Biuletyn historii sztuki. 2000. № 1—2;
Сапунов А.П. Витебский Успенский собор в связи с событиями из религиозной жизни витеблян. [2 изд.]. Витебск, 2001.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


