Артыкулы: Войны, род (1)
Войны, шляхецкі род герба «Трубы». Вядомы з 1-й пал. 15 ст. ў Бельскай зямлі (Падляшша), пасля валодалі маёнткамі ў інш. частках ВКЛ. Найб. вядомыя:
Лаўрын (Ваўжынец; ?—23.10.1580), сын Мацвея. Каралеўскі дваранін, пісар ВКЛ з 1566, адначасова падскарбі дворны ВКЛ у 1569—76 і падскарбі земскі ВКЛ з 1576; стараста пінскі з 1574, квасаўскі, красніцкі, хвяйданскі, індурскі. Валодаў маёнткамі ў Берасцейскім (Расна, Боршчава), Гарадзенскім (Ласосна, Путрышкі), Ваўкавыскім (Свіслач), Новагародскім (Мярацічы) пав. У 1571 купіў у кн. К.І.Астрожскага в. Азяраны і воз. Свіцязь. У 1560-х г. кіраваў паўторнай валочнай памерай у Пінскім старастве. Пасол на соймы 1569, 1578, 1580.
Андрэй (?—паміж 19.6.1628 і 1630), сын Лаўрына. Каралеўскі дваранін, крайчы ВКЛ у 1592—1620, падчашы ВКЛ з 1620; стараста гарадзенскі з 1601, ваўкавыскі з 1618.
Пётр (?—да 10.3.1633), сын Андрэя. Стараста навадворскі, ваўкавыскі з 1626, падстолі ВКЛ з 1631.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


