Артыкулы: Войны, род (2), Грычыны-Войны
Войны, Грычыны-Войны, шляхецкі род герба «Трубы». Паходзілі ад пінскіх баяр Грычынаў, якія ў пач. 16 ст. валодалі маёнткамі Парэчча, Моладава, Праход, Варачэвічы, Моталь, Мерчычы, Крайновічы і інш. Ад імя Войны Мацвеевіча Грычыны (Грычыновіча) яго сыны ўтварылі прозвішча В. З 17 ст. некат. прадстаўнікі роду карысталіся прыдомкам Грычына. Вызнавалі праваслаўе, з канца 16 ст. пераходзілі ў каталіцтва. З 18 ст. ўжывалі графскі тытул. Найб. вядомыя:
Война Мацвеевіч Грычына (Воін Грычынавіч, хроснае імя Барыс; каля 1492—15.5.1582), сын Мацвея Грычыны (Грычынавіча). Падкаморы пінскі ў 1567—70, дзяржаўца лабенскі, бярштунскі, бяржанскі, ожскі, пераломскі, юрбаркскі.
Сямён (?—1599), сын Войны Мацвеевіча. Маршалак гаспадарскі ў 1584—88, кашталян мсціслаўскі з 1588; цівун ужвенцкі з 1567, дзяржаўца паштоўскі, паморскі, палангскі, горждаўскі. Выслужыў у вял. кн. Жыгімонта Аўгуста маёнткі ў Жамойці.
Рыгор (?—каля 1603), сын Войны Мацвеевіча. Суддзя земскі ваўкавыскі, войскі гарадзенскі, кашталян берасцейскі з 1593.
Сокал (?—1610), сын Войны Мацвеевіча. Кашталян мсціслаўскі ў 1599—1603 і берасцейскі з 1603; дзяржаўца ожскі і пераломскі.
Мацвей (?—чэрв. 1607), сын Сямёна. Каралеўскі сакратар, пісар ВКЛ з 1589, адначасова падскарбі дворны ВКЛ з 1605; цівун ужвенцкі і паюрскі. Вял. пасол у складзе пасольства 1590—91 у Маскву, якое прадоўжыла Ям-Запольскае перамір’е 1582 на 12 гадоў.
Габрыэль (?—1.1.1615), сын Войны Мацвеевіча. Каралеўскі сакратар, рэферэндар свецкі і вял. пісар ВКЛ у 1585—89, падканцлер ВКЛ з 1589; стараста мерацкі, краснасельскі, пянянскі, опсаўскі. Вял. пасол у Маскву ў 1590—91.
Бенядзікт (?—1615), сын Войны Мацвеевіча. Вучыўся ў Віленскай акадэміі і за граніцай. Сакратар караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя, кусташ віленскі, пробашч троцкі з 1576, біскуп віленскі з 1600. Правёў паўторную кананізацыю св. Казіміра.
Абрагам (Абрам; 1569—1649), сын Сямёна. Канонік віленскі з 1599, біскуп-суфраган віленскі з 1611, тытулярны біскуп метонскі, біскуп жамойцкі ў 1627—30 і віленскі з 1630.
Станіслаў (?—11.2.1649), сын Мацвея. Каралеўскі пакаёвы дваранін, цівун гандынскі з 1637, стараста палангскі, кухмістр ВКЛ з 1640.
Антоній Юзаф (?—да 4.7.1747), канонік віленскі з 1724, пісар вялікі ВКЛ у 1730—40, прэпазіт троцкі з 1736, сакратар духоўны ВКЛ з 1740.
Літаратура:
Спрогис И. Духовное завещание мстиславского каштеляна Семена Войны — 1599 г., 1-го марта // Чтения в Историческом обществе Нестора-летописца. Киев, 1898. Кн. 12.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


