Артыкулы: войны Рэчы Паспалітай з Турцыяй 17 ст.
войныРэчыПаспалітайзТурцыяй 17ст. Рэч Паспалітая ва ўзброеныя канфлікты з Турцыяй уступіла ў пач. 17 ст. Прычынамі гэтага стала ўмяшанне Польшчы ва ўнутр. справы Малдовы — васала Турцыі, паходы ўкр. казакоў на прычарнаморскія турэцкія ўладанні і напады крымскіх татараў на тэр. Рэчы Паспалітай. Непасрэднай прычынай стала аказанне Рэччу Паспалітай дапамогі Габсбургам у 1619 у вайне з турэцкім васалам трансільванскім кн. Габарам Бетленам і ўзяцце пад апеку малдоўскага гаспадара. Войскі Рэчы Паспалітай рушылі ў Малдову, дзе 19.9.1620 разбіты турэцка-татарскімі войскамі пад Цацорай непадалёку ад Ясаў. Паход у адказ турэцка-татарскіх войск на Рэч Паспалітую скончыўся іх паражэннем у Хацінскай бітве 1621, пасля якой дзярж. мяжа была ўстаноўлена па Днястры. У наступныя гады казацкіх войнаў Рэч Паспалітая ваявала гал.ч. з крымскімі татарамі — васаламі Турцыі. У 1672 туркі напалі на Рэч Паспалітую, захапілі Камянец-Падольскі і аблажылі Львоў. Рэч Паспалітая была вымушана 18.10.1672 заключыць Бучацкі мір, паводле якога саступіла Турцыі шмат укр. зямель і абавязалася выплачваць штогадовы гарач — 100 тыс. злотых. Сойм не ратыфікаваў мір. У 1673 войскі Рэчы Паспалітай аднавілі ваенныя дзеянні і атрымалі перамогу ў Хацінскай бітве 1673. У 1675 татары былі разбіты пад Львовам і Трамбоўляй, а 24.9.1676 турэцка-татарскае войска разграміў пад Жураўнай на Днястры кароль Ян ІІІ Сабескі. 17.10.1676 заключана перамір’е, паводле якого Рэч Паспалітая вярнула частку ўкр. зямель, страчаных у 1672. Войскі Рэчы Паспалітай адыгралі важную ролю ў разгроме туркаў у Венскай бітве 1683 і бітве пад Парканамі (кастр. 1683), якія паклалі канец турэцкай экспансіі ў Еўропе. Рэч Паспалітая далучылася да заснаванай у 1684 антытурэцкай Святой Лігі, куды ўваходзілі Свяшчэнная Рымская імперыя, Венецыя, Папская дзяржава і Расія. Паходы ў Малдову ў 1685, 1686 і 1691 былі беспаспяховымі, нягледзячы на блакаду, не ўдалося вызваліць Камянец-Падольскі. У 1698 войскі Рэчы Паспалітай перамаглі турэцка-татарскія войскі пад Падгайцамі каля Цярнопаля. Паводле ўмоў Карлавіцкага міру 26.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала Падолле з Камянцом-Падольскім і ўкр. землі на Правабярэжжы (страчаныя раней тэрыторыі Кіеўскага і Брацлаўскага ваяв.). Перыяд войнаў з Турцыяй скончыўся.
Літаратура:
Pajewski J. Buńczak i koncerz: Z dziejów wojen polsko-tureckich. Warszawa, 1963;
Османская империя и страны Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы в XVII в. Ч. 1—2. М., 1998—2001.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


