Артыкулы: Войскаўская царква Раства Багародзіцы
Войскаўская царква Раства Багародзіцы, помнік драўлянага уніяцкага дойлідства 2-й пал. 18 ст. Пабудавана паміж 1751 і 1775 у в. Войская ў Берасцейскім ваяв. (цяпер Камянецкі р-н). Мае рысы стылю барока. Да прамавугольнага ў плане са зрэзапымі ва ўсх., алтарнай, частцы вугламі асн. зруба з З далучаны бабінец (над ім раней была званіца). Царква лаканічная па форме і выяўленчых сродках. Сцены вертыкальна ашаляваны і прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі. Пластычны 2-схільны з вальмамі над алтаром гонтавы дах завершаны ў цэнтры яруснай барочнай вежкай (пабудавана пазней). Алтарная частка і франтон гал. фасада вылучаны складанымі па малюнку вокнамі ў форме познарэнесансавага картуша. Інтэр’ер зальны, перакрыццё бэлячнае. У алтарнай частцы па баках 2 сакрысціі з балконамі. У аб’ёме бабінца — хоры. Перад царквой стаіць 2-ярусная брама-званіца — васьмярык на чацверыку (1-ы ярус мураваны з 3 лучковымі праёмамі, 2-і драўляны), завершаная шатровым гонтавым дахам з галоўкай.
Літаратура:
Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978. С. 102.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


