Артыкулы: Вольскі Мікалай
Вольскі Мікалай (1762—1802 або 1803), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, публіцыст, паэт, перакладчык. Са шляхты ВКЛ. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні. Па рэкамендацыі рэктара М.Пачобута-Адляніцкага паступіў на працу бібліятэкарам у Шчорсаўскую б-ку І.Храптовіча. Пасля пераехаў у Беласток. Па пратэкцыі сваякоў трапіў на двор да караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, атрымаў тытул шамбяляна. Пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92, увайшоў у склад дэпутацыі ВКЛ па складанні кодэкса цывільнага і крымінальнага права. У час праўлення Таргавіцкай канфедэрацыі ўвайшоў у склад Адукацыйнай камісіі і Скарбовай камісіі Польшчы (1793). Далучыўся да паўстання 1794. Пасля адрачэння Станіслава Аўгуста Панятоўскага ад трона (1795) суправаджаў яго ў Гародні і Пецярбургу да смерці. Пасля вярнуўся ў Беласток, дзе і памёр. У 1784 выдаў у Вільні вучнёўскую працу «Прамова, якая мае заўвагі пра першапачатковую гісторыю свету, пра старажытны Егіпет, Асірыю, мідыйцаў і персаў» («Mowa… zawierającauwaginadpierwiastkowymidziejami światanaddawnymEgiptem, nadAssyrią, MedamiiPersami»), у якой асуджаў дэспатычныя рэжымы і войны, разглядаў вывучэнне гісторыі як сродак для ўдасканалення сац. жыцця. Аўтар вершаў-панегірыкаў, дыдактычнай паэмы «Дзве ночы, або Развагі пра зорнае мастацтва» («Dwienocy, czyliRozmyślaniaosztucegwiazdarskiej», напісана ў 1784, надр. 1804). Перакладаў з Вергілія, Э.Юнга, П.А.Бамаршэ. У 1786 у Вільні была ўпершыню пастаўлена па-польску камедыя Бамаршэ «Жаніцьба Фігаро» ў перакладзе В. (надрукавана ў Варшаве ў 1786). У абарону палітыкі рэформ і караля ў 1795 распаўсюдзіў у Гародні памфлет «Водпаведзь на абвінавачванні польскага караля Станіслава ў творы, выдадзеным у 1793 годзе, «Пра ўстанаўленне і ўпадак польскай Канстытуцыі 3 мая» («Odpowiedź na zarzuty uczynione Stanisławowi królowi polskiemu w piśmie 1793 roku wydanym «O ustanowieniu i upadku Konstytucji polskiej 3 Maja», выд. ў 1868). Аўтар ненадрукаваных мемуараў пра апошнія часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


