Артыкулы: «Вопіс Польскай нунцыятуры»
«Вопіс Польскай нунцыятуры» («Опись Польской нунциатуры»), археаграфічнае выданне дакументаў з Ватыканскага архіва 16—17 ст. Ажыццёўлена Я.Ф.Шмурло ў 2 выпусках у рамках серыйнага выдання «Расія і Італія» («Россия и Италия», т. 2, вып. 1—2, Санкт-Пецярбург, 1908—13). У выданні змешчана агульная характарыстыка архіўнага фонда Польскай нунцыятуры ў Ватыканскім архіве, выкладзена гісторыя яго фарміравання. Фонд складаецца з 3 серый тамоў: асноўнай (387 тамоў з дакументамі за 1560—1808), Additamenta (25 тамоў), PoloniaRussa (PoloniaMarrone, 193 тамы); змяшчае ў асноўным дакументы пунцыяў рымскіх пап у Рэчы Паспалітай: іх данясенні дзярж. сакратару ў Рым (часта з рознымі дадаткамі), указанні дзярж. сакратароў нунцыяў і інш. дакументы, звязаныя з дзейнасцю апошніх. У выданні пералічаны тамы за 16 ст., якія маюць найбольшае дачыненне да гісторыі ВКЛ і Расіі. Прыведзены звесткі пра адпаведныя архіўныя кнігі, іх знешні выгляд, змест, ранейшыя публікацыі дакументаў. Найб. цікавыя дакументы прыведзены ў выглядзе рэгестаў ці надрукаваны цалкам на мове арыгінала (лац. або італьянскай). Дакументы асвятляюць становішча каталіцкага касцёла ў Рэчы Паспалітай, яго адносіны да іншых веравызнанняў, стасункі паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, рас. кандыдатуры на трон Рэчы Паспалітай у часы міжкаралеўя, Інфлянцкую вайну 1558—82, місію А.Пасевіна ў Рэчы Паспалітай і Расіі, Полацкі езуіцкі калегіум, сувязі Рыма з Крымам і Малдовай і інш. У Дадатку змешчаны апісанні некаторых кніг Нямецкай нунцыятуры, а таксама іншых архіўных фондаў, дзе прысутнічаюць матэрыялы па гісторыі ВКЛ і Расіі 16 ст. Прыведзены факсіміле некаторых дакументаў. Змешчаны таксама храналагічны паказальнік лістоў, паказальнік асабовых імён і геаграфічных назваў, паказальнік дакументаў па месцы захоўвання.
Літаратура:
Пашуто В.Т. Русские историки эмигранты в Европе. М., 1992;
Яковенко С.Г. Работы российских и польских историков по изучению и публикации переписки папских нунциев в Польше // Культурные связи России и Польши XI—XX вв. М.:, 1998.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


