Артыкулы: Вуек (Wujek, Vangrovitius) Якуб

Вуек (Wujek, Vangrovitius) Якуб (1541, г. Вангровец каля Познані—27.7.1597), дзеяч каталіцкай царквы, педагог, перакладчык. У 1565 уступіў у Рыме ў ордэн езуітаў, з 1568 ксёндз. Вучыўся ў цыстэрцыянскім кляштары ў Вангроўцы, з 1555 — у Сілезіі (у Вроцлаве?), з 1558 — у Кракаўскай акадэміі. У 1559—62 выкладаў у палацавай школе куяўскага біскупа Якуба Уханскага. У 1562—64 вывучаў філасофію, матэматыку і грэчаскую мовы ў Вене, дзе атрымаў ступені магістра вольных мастацтваў (1564) і бакалаўра тэалогіі (1567). Пасля сакратар прымаса Якуба Уханскага, канонік ленчыцкі. Пасля ўступлення ў ордэн езуітаў у 1565—67 вывучаў у Рыме яўрэйскую мову і тэалогію пад кіраўніцтвам Я.Лядэсмы, Ф.Талетуса і А.Гаглярдзі. У 1567—70 выкладаў рыторыку ў Пултуску. Быў рэктарам калегіумаў у Познані ў 1572—78 і Вільні ў 1578—79. У 1579—84 узначальваў езуіцкую місію ў Трансільваніі, дзе арганізаваў некалькі езуіцкіх асяродкаў і праводзіў актыўную контррэфарматарскую дзейнасць. У 1584 удзельнічаў у 5-й генеральнай кангрэгацыі езуітаў у Рыме. У 1586—87 намеснік галавы Польскай правінцыі ордэна езуітаў, у 1587—89 і 1595—96 у Трансільваніі, у 1589—92 прэпазіт дома прафесаў у Кракаве. З 1592 займаўся амаль выключна новым перакладам Бібліі на польскую мову. Пераклад В., які супрацьстаяў розным пратэстанцкім перакладам, стаў значным творам польскай тэалогіі і пісьменства і аказаў вял. ўплыў на ўнармаванне польскай мовы, падняцце яе прэстыжу, у т.л. у ВКЛ. Быў выдадзены «Новы запавет Пана нашага Ісуса Хрыста» з каментарыямі (Кракаў, 1593), «Евангеліе і эпісталы» (Кракаў, 1593; перавыдавалася, між іншым, у Вільні ў 1713, 1765, 1787, у Полацку ў 1802; існуе думка, што 1-е выданне гэтай кнігі было зроблена ў Вільні ў 1579), «Псалтыр Давідаў» (Кракаў, 1594; перавыдавалася, між іншым, у Вільні ў 1764 і 1892), «Біблія, гэта значыць Кнігі Старга і Новага запавету» (Кракаў, 1599; перавыдавалася, між іншым, у Вільні ў 1861—64, 1896—98, 1907—09). Біблейскія пераклады В. шмат разоў перавыдаваліся да 20 ст. Аўтар тэалагічных, палемічных, гамілетычных, аскетычных твораў («Юдзіцыум», Кракаў, 1570; «Пасціла каталіцкая», Кракаў, 1573—75; «Пасцілы меншай частка першая», Познань, 1579—80; «Аб касцёле Пана Хрыста праўдзівым», Познань, 1580). Пераклаў на польскую мову кнігу Фамы Кемпійскага «Пра паслядоўніцтва Ісусу Хрысту» (Кракаў, 1571). «Пасціла меншая» па ініцыятыве жамойцкага біскупа Мальхера Гедройца (гл. ў арт. Гедройцы) была перакладзена на літоўскую мову М.Даўкшам (Вільня, 1599).

Літаратура:

LisowskiS. StarodrukiUniwersyteckiejBibljotekiPublicznejwWilnie // AteneumWileńskie. 1931/1932. R. 8;

Martel A. La langue polonaise dans les pays ruthènes, Ukraine et Russie Blanche 1569—1667. Lille, 1938;

Studies on the Bible: To commemorate 400th anniversary of the publication of Jakub Wujek’s translation of the Bible 1599—1999 Warszawa, 2000;

Mikalojaus Daukšos 1599 metu Postile ir jos šaltiniai. Vilnius, 2001;

Rosinas A. Mikalojaus Daukšos tekstu ivardžiu semantine ir morfologine struktura. Vilnius, 2001;

Kuźmina D. Jakub Wujek (1541—1597): Pisarz, tłumacz i misjonarz. Warszawa, 2004;

Kuran M. Retoryka jako narzędzie perswazji w postyllografii polskiej XVI wieku: (Na przykładzie Postylli katolicznej Jakuba Wujka). Łódź, 2007.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.