Артыкулы: Вырвіч Кароль

Вырвіч Кароль (2.11.1717, Браслаўскі пав.—6.6.1793), гісторык, географ, педагог. З шляхецкай сям’і. Вучыўся ў Віленскай акадэміі (1737—40, 1742—46). У 1734 уступіў у ордэн езуітаў, з 1745 ксёндз. Выкладаў у Пінскім, Крожскім і Новагародскім езуіцкіх калегіумах. У 1751—57 прыватны настаўнік Гільзенаў у Дынабургу і Полацку, наведаў з імі Францыю, Галандыю і Германію. З 1757 выкладаў этыку і гісторыю ў Калегіум нобіліум у Варшаве, у 1762—76 яго рэктар. У 1760—61 пракуратар Мазавецкай правінцыі ордэна езуітаў. Зрабіў значны ўклад у рэфармаванне школьнай сістэмы езуітаў. З уступленнем на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764) увайшоў у бліжэйшае акружэнне караля. Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) у 1775—91 абат гебдоўскі. Супрацоўнічаў з гісторыкам Ф.Лойкам у абвяржэнні «гіст. аргументаў» суседніх дзяржаў, якімі тыя абгрунтоўвалі свае прэтэнзіі на землі Рэчы Паспалітай. Выдатны географ, узняў геагр. навуку Рэчы Паспалітай на высокі ўзровень. Аўтар абагульняльных геагр. прац «Сучасная геаграфія» («Geografiaczasówteraźniejszych», т. 1, Варшава, 1768, забаронена да продажу паводле патрабавання рас. пасла М.В.Рапніна; 2 выд. Вільня, 1794) і «Усеагульная геаграфія» («Geografia powszechna», Варшава, 1770, 3 выд. 1794). Напісаў падручнік па гісторыі «Кароткае сістэматычнае выкладанне ўсеагульнай гісторыі» («Abrégé raisonné del’histoireuniverselle», т. 1—2, Варшава, 1766—71). У выдадзенай па ініцыятыве караля кн. «Палітычная гісторыя старажытных дзяржаў» («Historia polityczna państw starożytnych», т. 1, Варшава, 1771) змясціў свой пераклад вытрымак з кнігі Ш.Мантэск’ё «Пра дух законаў». Пасмяротна выдадзена яго праца «Галомбская канфедэрацыя» («Konfederacja gołąbska», Познань, 1853). Як гісторык В. зазнаў уплыў франц. асветнай гістарыяграфіі, асабліва Мантэск’ё і Вальтэра. Адмоўна ставіўся да традыц. разумення гісторыі як гісторыі паліт. падзей і войнаў; гісторыю народа тлумачыў як сукупнасць змен у паліт. жыцці, звычаях, рэлігіі, навуцы, мастацтве, эканоміцы; падкрэсліваў, што вывучэнне гісторыі дазваляе атрымаць веды, неабходныя для накіраванай змены ў дзяржаве існуючага ладу.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.