Артыкулы: вялікая княгіня
вялікая княгіня, тытул жонкі вялікага князя — галавы ВКЛ. Статут В.к. ў першыя стагоддзі існавання ВКЛ не вядомы, аднак, ён значна саступаў статуту мужа. Самастойнай паліт. ролі не адыгрывала. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) тытул В.к. літоўскай быў дадатковым у каралевы польскай. Яе каранацыя ў Рэчы Паспалітай была дапаўненнем каранацыі мужа. У 1512 зацверджаны парадак каранацыі польскай каралевы (для Барбары Запальяі), ён пацверджаны ў 1646 і 1649 каралямі Уладзіславам IV і Янам ІІ Казімірам для каралевы Людвікі Марыі. Падданыя не прыносілі каралеве прысягі на вернасць, права не прызнавала за ёй уладных і судовых паўнамоцтваў. Пры арганізацыі шлюбу манарха браліся пад увагу перш за ўсё дзярж. інтарэсы. Кандыдатуру будучай каралевы павінен быў зацвердзіць Сенат (гэта абяцаў пры абранні на трон Рэчы Паспалітай ужо Стафан Баторый). Яна павінна была баць з пануючага дому і спавядаць каталіцтва (апошняе патрабаванне ўнесена ў 1669). Пажыццёвая «аправа» каралевы забяспечвалася соймам на каралеўскіх эканоміях, у Польшчы традыцыйна з 16 ст. гэта былі Тухаль, Голубь, Брадніца, з 17 ст. Кампінас, Мядзешын, Казунь. У ВКЛ жонкі манарха трымалі ў 14—пач. 16 ст. Магілёўскую воласць, Анікшты (Ядвіга, Алена Іванаўна), у 16—17 ст. — Кобрынскі павет (Бона, Ганна Ягелонка, Канстанцыя Габсбург), Упіту. У гэтых маёнтках каралева мела вярхоўную ўладу, але пад умовай, каб шанавала актуальных трымальнікаў зямлі і не раздавала маёнткі замежнікам і асобам нешляхецкага паходжання. Першая жонка Жыгімонта ІІІ Ганна атрымала 50 тыс. злотых вена і столькі ж «прывенка», у 17 ст. гэтыя лічбы выраслі да 100 тыс. злотых. Каралева атрымлівала таксама 2 тыс. дыкатаў на ўласныя патрэбы. Двор каралевы ўтрымліваўся дзяржавай, кіраваўся маршалкам, якога прызначаў кароль, і складаўся з мужчынскай і жаночай частак. У мужчынскай былі канцлер (сакратар), падскарбі, крайчы, падстолі, стольнік, кухмістр, канюшы, пакаёвыя дваране, служкі. Жаночая частка (фраўцымер) узначальвалася ахмістрыняй, якая фактычна не падпарадкоўвалася маршалку, і складалася з ганаровых дам і дам-таварак, ганаровых паняў, а таксама пакаёвай абслуга (са шляхты і мяшчанак). Некаторыя з каралеў дзякуючы сваім асабістым якасцям актыўна ўзельнічалі ў паліт. жыцці (Бона, Людвіка Марыя).
Жонкі вял. князёў літоўскіх:
Мiндоўга [сярэдзiна 1230-х г.—1263] — Марта;
Гедзiмiна [1316—41] — Еўна; Альгерда [1345—77] — Марыя Яраслаўна, Ульяна Аляксандраўна;
Ягайлы [1377—81, 1382—92] — Ядвіга, Ганна Цылейская, Эльжбета Граноўская, Софья Гальшанская;
Кейстута [1381—82; у 1345—77 падзяляў уладу з Альгердам] — Бірута;
Вiтаўта [1392—1430] — Марыя (?), Ганна Святаслаўна, Ульяна Гальшанская; Свiдрыгайлы [1430—32] — Ганна Іванаўна;
Казiмiра IV [1440—92] — Эльжбета Габсбург, Аляксандра [1492—1506] — Алена Іванаўна;
Жыгiмонта І Старога [1506—48] — Барбара Запайя, Бона Сфорца;
Жыгiмонта ІІ Аўгуста [1548—72] — Эльжбета Габсбург, Барбара Радзівіл, Кацярына Габсбург;
Стафана Баторыя [1576—86] — Ганна Ягелонка;
Жыгiмонта ІІІ Вазы [1587—1682] — Ганна Габсбург, Канстанцыя Габсбург;
Уладзiслава IV [1632—48] — Цэцылія Рэната Габсбург, Марыя Людвіка Ганзага дэ Невер;
Яна ІІ Казiмiра [1648—68] — Людвіка Марыя Ганзага дэ Невер;
Мiхала Вiшнявецкага [1669—73] — Элеанора Марыя Юзэфа Габсбург;
Яна ІІІ Сабескага [1674—96] — Марыя Казіміра дэ ля Гранж д’Арк;
Аўгуста ІІ Моцнага [1697—1706, 1709—33] — Крысціна Эбергардзіна Гогенцолерн-Байройт;
Станiслава Ляшчынскага [1704—09, 1733] — Кацярына Апалінская;
Аўгуста III [1733—63] — Марыя Юзэфа Габсбург.
Літаратура:
Duczmal M. Jagiellonowie: Leksykon biograficzny. Kraków, 1996;
Augustyniak U. Wazowie i «królowie rodacy»: Studium władzy królewskiej w Rzeczypospolitej XVII wieku. Warszawa, 1999;
TęgowskiJ. PierwszepokoleniaGiedyminowiczów. Poznań; Wrocław, 1999.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


