Артыкулы: Вярбілаўская канфедэрацыя 1655
Вярбілаўская канфедэрацыя 1655, саюз вайскоўцаў ВКЛ супраць тых колаў ВКЛ на чале з гетманам Янушам Радзівілам, якія пайшлі на заключэнне Кейданскай уніі 1655 са Швецыяй у час Паўночнай вайны 1655—60 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Абвешчана 23.8.1655 у г. Вярбілава ў Жамойці прыкладна 2000 жаўнерамі, якія захавалі вернасць Рэчы Паспалітай і каралю польскаму і вял. князю літоўскаму Яну ІІ Казіміру. В.к. выступіла ў абарону тэрытарыяльнай цэласнасці Рэчы Паспалітай, заклікала весці далей барацьбу супраць яе ворагаў — шведаў. Адзіным законным камандуючым арміі ВКЛ канфедэраты прызналі В.А.Гасеўскага (гл. арт. Гасеўскія). На чале В.к. сталі 4 афіцэры-католікі К.Жаромскі, К.Катоўскі, С.Кміціц, С.Ліпніцкі. Былі пасланы 4 паслы да Яна ІІ Казіміра (Е.Юдыцкі, К.Есьман-Сынкоўскі, Кміціц, С.Шчыгельскі), якія 8.9.1655 прыбылі ў яго штаб-кватэру. Кароль абвясціў Януша і Багуслава Радзівілаў здраднікамі, іх маёмасць канфіскоўвалася і перадавалася афіцэрам, якія захавалі вернасць Рэчы Паспалітай. Інспіратарамі ўтварэння В.к. былі члены клана Пацаў, якія імкнуліся пазбавіць Радзівілаў вядучых пазіцый у ВКЛ. Далей антышведскую барацьбу ў ВКЛ узначалілі Павел Ян Сапега, Вінцэнт Гасеўскі, Крыштоф і Міхал Пацы.
Літаратура:
Rachuba A. Konfederacja wojska litewskiego w Wierzbołowie w 1655 r. // Miscellanea Historico-Archivistica. 1994. T. 4;
Яго ж. Paweł Sapieha wobec Szwecji i Jana Kazimierza (IX 1655—II 1656) // Acta Baltico-Slavica. 1997. T. 11.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


