Артыкулы: Алізароўскі Аляксандр Аарон
Алізароўскі (Альзароўскі, Альжароўскі) Аляксандр Аарон (1610, Падляшша—1659), правазнавец, сацыёлаг. У 1629—36 езуіт. Вучыўся ў Нясвіжы, Вільні, Полацку, Пултуску, Познані, Вюрцбургу, Грацы, Інгальштаце. Служыў у нойбургскага кн. Філіпа Вільгельма. У Інгальштаце выдаў дысертацыі «Асновы рыторыкі» і «Палітычныя праблемы» (1643, на лац. мове), д-р абодвух правоў (1644). Не дамогся кафедры права ў Інгальштацкім ун-це і таму пераехаў у Падую вывучаць медыцыну. Пасля адкрыцця ў Віленскай акадэміі ф-та права запрошаны туды на працу (1644), прафесар царкоўнага, пасля цывільнага права. Пасля заняцця Вільні рас. войскамі (1655) выехаў у Каралявец, дзе вучыўся медыцыне, д-р медыцыны (1658). Выдаў кн. «Аб палітычнай супольнасці людзей» (Гданьск, 1651, на лац. мове), якую прысвяціў фундатару факультэта права Віленскай акадэміі К.Л.Сапегу. Даследаваў розныя формы арганізацыі грамадства на ўсіх узроўнях. Прааналізаваў формы шлюбу, адносіны паноў з падданымі, формы дзярж. ладу. Прапаноўваў вучыць шляхецкую моладзь рамёствам. Асуджаў прыгон, лічыў, што селянін павінен быць асабіста вольным, а за карыстанне зямлёй павінен плаціць толькі чынш. Лічыў неабходным даць грамадзянскія правы ўсім вольным жыхарам, а таксама сялянам. На падставе аналізу станоўчых і адмоўных бакоў манархіі, тыраніі, арыстакратыі і дэмакратыі А. выказаўся за спадчынную манархію, лічыў, што манарх не павінен быць чужаземцам. Верыў у магчымасць маральнага ўдасканалення грамадства на аснове рацыянальнай дзейнасці людзей.
Творы: Рус. пер. —
О политической общности людей // Памятники философской мысли Белоруссии XVII—первой половины XVIII в. Мн., 1991. С. 131—143.
Літаратура:
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белорусии XVI—первой половины XVII в. Мн., 1984;
Rubicki P. Z dziejów polskiego arystotelizmu: «De politica hominum societate» Aorona Aleksandra Olizarowskiego // Studia i materiały z dziejów nauki polskiej. Seria A. Warszawa, 1959. Z. 3.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне