Артыкулы: Залатарэнка Васіль Нічыпаравіч
Залатарэнка Васіль Нічыпаравіч [?—28.9(8.10).1663], нежынскі палкоўнік з 1658. Паходзіў з казацкай старшыны. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 атрад З. летам і восенню 1654 дзейнічаў у складзе войска брата — І.Н.Залатарэнкі пад Гомелем і Старым Быхавам і разам з рас. войскамі пад Магілёвам і Віцебскам, вызначыўся пры аблозе Смаленска. Зімой і вясной 1655 удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць войска ВКЛ на Беларусі. У жн. 1655 атрад З. заняў вял. тэрыторыі на берагах Нёмана. Пасля смерці брата часова быў наказным нежынскім палкоўнікам. У 1658 падтрымаў гетмана І.Я.Выгоўскага. Атрымаў ад урада Рэчы Паспалітай шляхецтва. У пач. 1659 З. разам з чарнігаўскім і лубенскім палкоўнікамі перайшоў на бок Расіі і ўдзельнічаў у барацьбе супраць Выгоўскага.У 1660 цар Аляксей Міхайлавіч падараваў З. Гомель, але той не здолеў умацавацца ў горадзе. Пасля пераходу гетмана Ю.Хмяльніцкага на бок Рэчы Паспалітай (1660) З. і наказны гетман Я.С.Самко камандавалі казацкімі палкамі, якія ў складзе рас. войска адбівалі напады войска Рэчы Паспалітай на Левабярэжную Украіну. З. вёў барацьбу супраць Самко і І.Брухавецкага. Быў абвінавачаны ў здрадзе і па загадзе Брухавецкага пакараны смерцю.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне