Артыкулы: Заленскі (Załęski) Станіслаў
Заленскі (Załęski) Станіслаў (11.9.1843, Кракаў—23.8.1908), польскі гісторык. У 1857 уступіў у ордэн езуітаў. Вывучаў філасофію ў калегіуме ў Старой Весі (1861—64) i тэалогію ў калегіуме ў Кракаве (1867—69). Браў прыватныя ўрокі гісторыі. Прафесар польскай літаратуры (з 1864) і лац. мовы (з 1869) у калегіуме ў Цярнопалі. У 1871—74 i 1876—79 прапаведнік і супрацоўнік часопіса «PrzeglądLwowski». У 1875—76 праводзіў даследаванні ў архівах Францыі. У 1879—81 прафесар літаратуры і гісторыі Польшчы ў калегіуме ў Цярнопалі. З 1881 прапаведнік у Кракаве, супрацоўнічаў з часопісамі «MisjiKalotickе» i «PrzeglądPowszechny». У 1885—92 суперыёр езуіцкага калегіума св. Барбары ў Кракаве, у 1893—95 — калегіума ў Новым Сончы. У 1894—95 даследаваў архівы ў Рыме. Пасля жыў у Новым Сончы, у 1899—1902 суперыёр калегіума ў Львове, пасля зноў у Новым Сончы. Аўтар шматлікіх прац па гісторыі езуітаў у Рэчы Паспалітай. Галоўная праца — «Езуіты ў Польшчы» («JezuiciwPolsce», т. 1—5, Кракаў, 1900—06), утрымлівае багаты архіўны матэрыял па гісторыі ордэна езуітаў у ВКЛ, іх касцёлах і калегіумах у Полацку, Нясвіжы, Менску, Гародне, Пінску, Берасці і інш гарадах Беларусі.
Творы:
Czy jezuici zgubili Polską? Lwów, 1872;
Historia zniesienia jezuitów i jego zachowanie na Białej Rusi. Cz. 1—2. Lwów, 1874—75;
O masonii w Polsce od roku 1742 do 1822 na źródłach wyłącznie masońskich. Kraków, 1889.
Літаратура:
Rzepiński S. Ks. Stanisław Załęski. Kraków, 1908.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне