Артыкулы: Залускі Лукаш Станіслаў
Залускі Лукаш Станіслаў (1604—20.8.1673), дзеяч каталіцкай царквы, педагог, філосаф. З шляхецкага роду герба «Касцеша», аселага ў Менскім ваяв. У 1620 у Вільні ўступіў у ордэн езуітаў, з 1632 ксёндз. Магістр філасофіі (1639), д-р тэалогіі (1651). Вучыўся ў Віленскай акадэміі, дзе ў 1636—40 і 1651—54 выкладаў філасофію, свяшчэннае пісанне, тэалогію, у 1659—60 у Браневе — тэалогію, у 1660—62 у Крожах — маральную тэалогію. Прэфект школ у Нясвіжы (1648—49, 1658—59) і Менску (1657—58). Шмат гадоў быў місіянерам і прапаведнікам, узначальваў езуіцкія рэзідэнцыі. У 1640 апублікаваў у Вільні пад імем свайго вучня М.Мнішка вялікі нарыс «Агульная філасофія» («Universaphilosophia»), які складаецца з раздзелаў «Практычная філасофія» (падраздзелы «Этыка», «Эканоміка», «Палітыка») і «Тэарэтычная філасофія» (падраздзелы «Логіка», «Натуральная філасофія», «Метафізіка»). Аўтар шматлікіх панегірыкаў.
Творы:
Рус. пер. — Общая философия // Памятники философской мысли Белоруссии XVII—первой половины XVIII в. Мн., 1991. С. 93—109.
Літаратура:
Чарнышова Л.А. «Практычная філасофія» Лукі Залускага // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1980. № 2.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне