Артыкулы: Зянковіч Міхал Ян
Зянковіч Міхал Ян (1670, Дарагічынская зямля, Падляшша—23.1.1762), дзеяч каталіцкай царквы, дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Паходзіў са шляхецкага роду Зянковічаў-Ператрускіх герба «Сястрэнец». Доўгі час быў пробашчам у Барысаве і Лідзе. Канонік віленскі з 1699, архідыякан жамойцкі, пробашч крожскі, біскуп-суфраган жамойцкі з 1717—18 (тытулярны біскуп юліяпалітанскі), адначасова вял. пісар ВКЛ у 1724—29, біскуп віленскі з 1730. Пасля смерці караля польскага і вял. князя літоўскага Аўгуста ІІ (1733) падтрымаў кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У сувязі з перамогай Аўгуста ІІІ у 1734 быў вымушаны з’ехаць у Прусію, вярнуўся ў 1736. Кіраваў епархіяй з дапамогай суфрагана пралата Юзафа Сапегі. Прызначыў на пасаду архідыякана віленскага А.К.Гараіна, біскупа-суфрагана жамойцкага. Гэта выклікала нязгоду віленскага капітула, які аддаў гэту пасаду Е.К.Анцуту, што выклікала зацятую барацьбу бакоў, якая суправаджалася гвалтоўнымі наездамі на архідыяконскія маёнткі. З. вызначаўся вял. пабожнасцю. Аднавіў Віленскі кафедральны касцёл, фундаваў у Вільні касцёл св. Юзафа і Нікадыма, шпіталь св. Лазара, дом для ксяндзоў-эмерытаў, касцёлы ў Кеўклях і Лаварышках, заснаваў касцёл у Бобтах. Для павышэння ўзроўню навучання ў Віленскай духоўнай семінарыяй запрасіў для яе кіравання ксяндзоў-камуністаў (адпаведны дагавор з імі заключаны ў 1739), у 1733 даў семінарыі новы статут. Правёў Віленскі сінод 1744. У 1750 каранаваў цудатворны абраз Маці Божай у Віленскім касцёле Міхала Арханёла («Сапежынская мадона»). Рыхтаваў у сваі наступнікі пляменніка — Т.І.Зянковіча, аднак наступным віленскім біскупам стаў І.Масальскі.
Літаратура:
Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileńskich. T. 3. Petersburg, 1860;
Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i prace biskupów i duchowienstw a djecezji wileńskiej, oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i społecznych. Wilno, 1912.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


