Артыкулы: Ізабела
Ізабела (18.1.1519, г. Кракаў—15.9.1559), каралева венгерскага, жонка венгерскага караля Яна Запайя. Дачка караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта І Старога і Боны Сфорца (іх першае дзіця). Атрымала гуманітарную адукацыю, ведала польскую, італьянскую, лац., нямецкую, вянгерскую мовы. У 1527—29 і 1533—36 суправаджала бацькоў у час іх побыту ў ВКЛ. Бона меркавала выдаць І. за французскага прынца або за нейкага італьняскага князя, а Жыгімонт І аддаваў перавагу саюзу з Габсбургамі. Абраны ў 1526 нац. партыяй у Венгрыі каралём, Ян Запайя шукаў падтрымкі Жыгімонта Старога ў барацьбе супраць іншага прэтэндэнта на венгерскую карону — Фердынанда Габсбурга. Бона выступіла за падтрымку Яна, апасаючыся росту магутнасці Габсбургаў, і за заключэння шлюбу паміж І. і Янам. Жыгімонт Стары спачатку выступаў супраць мяркуемага шлюбу, што магло выклікаць вайну з Габсбургамі, потым пагадзіўся пры ўмове заключэння мірнага пагаднення паміж абодвума прэтэндэнтамі на венгерскую карону. У 1539 шлюб паміж І. і Янам Запайя быў заключаны. У 1540 нарадзіла сына Яна Жыгімонта і хутка аўдавела. Венгерскія магнаты абвясцілі Яна Жыгімонта каралём, а І. — рэгентам. У 1551 была вымушана адмовіцца ад венгерскай кароны за сябе і сына на карысць Фердынанда Габсбурга, атрымаўшы ўладанні ў Сілезіі. У 1556 вярнулася ў Венгрыю зноў у якасці рэгента, тут і памерла.
Літаратура:
Pajewski J. Węgierska polityka Polski w połowie XVI wieku. Kraków, 1932.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне