Артыкулы: Ізмайлаў (Измайлов) Арцемій Васілевіч
Ізмайлаў (Измайлов) Арцемій Васілевіч [?—28.4(8.5.).1634], расійскі ваенны дзеяч. З 1597 некалькі разоў прызначаўся 2-м ваяводам у палкі, што дзейнічалі на паўд. граніцы супраць крымскіх татараў. У 1605, на вяселлі Лжэдзмітрыя І з Марынай Мнішак, атрымаў чыны думнага двараніна і сакольнічага. У 1607 за паспяховыя дзеянні супраць Івана Балотнікава атрымаў чын акольнічага. У 1611 дзейічаў супраць войск Рэчы Паспалітай па вызваленні Масквы і Расіі. Удзельнічаў у абароне Масквы ў час паходу каралевіча Уладзіслава. Быў 3-м паслом пры заключэнні Дэулінскага перамір’я 1618. У час падрыхтоўкі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 І. прызначаны 2-м ваяводам у паход на Смаленск. Рас. войскі на чале з Міхаілам Шэіным і І. захапілі шмат гарадоў, аблажылі Смаленск. Пасля падыходу пад Смаленск арміі Рэчы Паспалітай на чале з Уладзіславам IV рас. войскі пацярпелі некалькі паражэнняў і вымушаны былі адступіць. Маскоўскія баяры, якія не любілі Шэіна і І. за ганарыстасць, абвінавацілі іх у здрадзе і асудзілі на смяротнае пакаранне.
Літаратура:
Каргалов В. Московские воеводы XVI—XVII вв. 2 изд. М., 2006.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне