Артыкулы: Іосіф Трызна

Іосіф Трызна (?—1655), дзеяч праваслаўнай царквы. З шляхецкага роду. Атрымаў адукацыю ў Кіева-Пячэрскай лаўры і Кіеўскай брацкай школе, выхаванец і паслядоўнік Пятра Магілы. Прыняў манаства. У 1640—47 архімандрыт Віленскага Святадухаўскага манастыра. Пасля смерці Пятра Магілы ў 1647 адзінагалосна абраны архімандрытам Кіева-Пячэрскай лаўры. Падтрымаў паўстанне Багдана Хмяльніцкага, уласным накладам снарадзіў атрад, якім камандаваў яго родзіч. Прысутнічаў на сойме 1649—50, які ратыфікаваў Збраўскі дагавор з казакамі. Двойчы звяртаўся да цара Аляксея Міхайлавіча з просьбамі пацвердзіць правы Кіева-Пячэрскай лаўры і яе друкарні, права манахаў самім абіраць архімандрытаў (атрымаў такія пацверджанні ў 1654 і 1658). Выступаў супраць паліт. і царкоўнай залежнасці Украіны ад Масквы. Разм з мітрапалітам Сільвестрам Косавым адмаўляўся прымушаць кіяўлян і манахаў Кіева-Пячэрскай лаўры прысягаць на вернасць Пераяслаўскай угоды аб залежнасці ад Масквы, пайшоў на гэта ў 1654 пад ціскам Хмяльніцкага і казакоў. Аўтар прадмовы да «Служебніка» (Кіеў, 1653), дзе адзначыў важнасць гэтай кнігі. Склаў асобую рэдакцыю «Кіева-Пячэрскага пацерыка», куды былі ўключаны рэдкія гістарычныя матэрыялы, невядомыя з інш. спісаў (устаўная грамата Тураўскай епіскапіі 1005, Тураўскі ўстаўны запіс пра дзесяціну»), летапісныя запісы, памінальнік рус. князёў 10—12 ст.

Літаратура:

Титов Ф.И. Типография Киево-Печерской лавры. Т. 1. Киев, 1918;

Кучкин В.А. Княжеский помянник в составе Киево-Печерского патерика Иосифа Тризны // Древнейшие государства Восточной Европы: Материалы и исследования, 1995 год. М., 1997;

Модзалевський В.Л. Малоросійський родословник. Т. 5, вип. 2. Київ, 1998.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.