Артыкулы: Ісая Трафімовіч-Казлоўскі
Ісая Трафімовіч-Казлоўскі (?—1651), дзеяч праваслаўнай царквы. Вучыўся ў Львоўскай брацкай школе, за мяжой. Відаць, у 1620—30-я г. настаўнічаў у Віленскай брацкай школе, пасля ў Львове. Падтрымліваў цесныя сувязі з Пятром Магілам, з якім вучыўся ў Львове. У 1631 у Львове паміж імі была заключана ўгода, на моцы якой у І. станавіўся 1-ы рэктарам школы Кіева-Пячэрскай лаўры (адчынена ў 1631). У 1632—36 рэктар аб’яднаных Лаўрскай і Кіеўскай брацкай школы (калегіума), дзе выкладаў філасофію і багаслоўе. Адначасова з 1638 ігумен Кіеўскага Пустына-Мікалаеўскага манастыра. Быў дарадчыкам і духоўнікам Пятра Магілы. Пасля абрання апошнім у 1632 мітрапалітам, І. паехаў у Канстанцінопаль за патрыяршым благаслаўленнем, якое паспяхова атрымаў. Разам з Магілам склаў «Катэхізіс», узначаліў працу па перакладу яго на лац. мову, які быў разасланы і ўхвалены 4 усяленскімі патрыярхамі. «Катэхізіс», які адыграў вял. значэнне для ўмацавання правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, быў выдадзены ў Кіеве ў 1645.
Літаратура:
Голубев С. Киевский митрополит Петр Могила и его сподвижники: (опыт церковно-исторического изследования). Т. 1—2. Киев, 1883—98.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


