Артыкулы: Кагнавіцкі Казiмiр

Кагнавіцкі Казiмiр (10.2.1746; в. Ланчанава каля Коўна—22.3.1825), гiсторык, педагог. З 1764 езуіт. Вучыўся ў езуiцкiх установах у Коўне, Вiльнi, в. Пашаўша (Жамойць), у 1767—70 слухаў курс фiласофii ў Вiленскай акадэмii. У 1770—72 выкладаў рыторыку, паэтыку і матэматыку ў Мерацкiм калегiуме, склаў яго хронiку. З 1772 вывучаў тэалогiю ў Гарадзенскiм калегiуме, пасля скасавання ў 1773 ордэна езуiтаў перайшоў у Вiленскую акадэмiю, дзе атрымаў ступень доктара фiласофii i вольных навук. З 1774 святар. Да 1781 выкладаў у Гарадзенскай ваяводскай (потым акруговай) школе, адчыненай Адукацыйнай камiсiяй замест езуiцкага калегiума. Зрабiў падарожжа ў Рым, якое апiсаў у кнiзе «Рымская дарога» (1783). Дзякуючы падтрымцы А.М.Сапегi заняў пасаду трыбунальскага прапаведнiка ў Гародні. З 1789 пры двары Сапегаў у Ружанах, дзе пачаў пiсаць гiсторыю iх роду на падставе фамiльнага архiва. Гiсторыя мела форму асобных бiяграфiй, усяго склаў 6 тамоў (т. 1—3 выдадзены ў 1790—92). Т. 1 прысвечаны Льву Сапегу (перавыд. ў 1805, 1830, 1837, 1855), т. 2 — Яну Пятру Сапегу, т. 3 — Казiмiру Льву Сапегу. У працы змешчана шмат гiст. крынiц, у т.л. лiсты манархаў, «Дыярушы выправы на Маскоўскую вайну Яна Пятра Сапегi 1608—1611 гадоў». У 1802—07 узначальваў рух па пераносе мошчаў блажэннага А.Баболi ў Полацк. З 1805 зноў у ордэне езуiтаў. У 1805—09 нам. рэктара калегiума ў Дынабургу, потым у Полацку, з 1811 узначальваў мiсiйны дом ў Хальчы. У 1814 адышоў ад спраў, жыў у Магiлёве, дарадца рэктара i духоўны апякун калегii. Пасля выгнання езуiтаў з Рас. iмперыi (1820) выехаў у Ферару (Iталiя), потым жыў у Галiчыне.

Творы:

ŻyciaSapiehów. T. 1—3. Wilno, 1790—93.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.