Артыкулы: Казаковіч (Казак) Ян

Казаковіч (Казак) Ян (1550-я г.?—пасля 1603), паэт, перакладчык. Стала ўжываў мянушку Літвін. Пісаў на польскай і лацінскай мовах. Вызнаваў кальвінізм. Быў звязаны з дваром біржанскай (кальвінісцкай) лініі Радзівілаў. Першы вядомы твор К. — лацінамоўные верш-прысвячэнне А.Рымшу ў кнізе апошняга «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла» (Вільня, 1585). У кнізе Я.Радвана «Радзівіліяда» (Вільня, 1588) змешчаны 3 вершаваныя прысвячэнні К. маладым Радзівілам: Юрыю, Янушу і Крыштофу (подпіс пад апошнім — «Jan Kozak Litwin»). Мяркуецца, што верш «Слава на шчаслівую перамогу Мікалая Радзівіла пад Кессю ў 1578 годзе», змешчаны ў гэтай кнізе, таксама належыць К. На працягу 1590-х г. К. апублікаваў каля 15 вершаў у 7 кнігах розных аўтараў. У перакладзе С.Кашуцкага кнігі Цыцэрона «Пра абавязкi людзей усіх станаў» (Вільня, 1593) змешчаны 2 творы К.: лацінамоўнае прысвячэнне Мікалаю Нарушэвічу і польскамоўны верш «На гэтыя кнігі». Матыў асуджэння шляхты за тое, што вышэй за рыцарскую годнасць і хрысціянскія цноты яна ставіць багацце, гучыць у вершах К. з «Новага запавета» (Вільня, 1593). Услаўленне «праўдзівай» веры ў кальвінісцкім разуменні і антыкаталіцкія захады прысутнічаюць у вершах К., змешчаных у пратэстанцкіх выданнях рэлігійна-асветніцкай і рэлігійна-палемічнай накіраванасці. У перавыдадзенай у Вільні ў 1594 кнізе Мікалая Рэя «Польская пасціла» надрукаваны 2 вершы К. Выразную рэлігійна-палемічную накіраванасць мае верш К. «Да ласкавага чытача», змешчаны разам з эпіграмай на герб Януша Радзівіла ў творы Шымана Тэафіла (Турноўскага) «Люстра хрысціянскага набажэнства ў Польшчы» (Вільня, 1594). К. абараняў ад арыян боскасць Хрыста у кнізе Гжэгажа з Жарнаўца «Кліпеус, альбо Духоўны шчыт» (Вільня, 1598), заклікаў да кальвінізму ў перавыданні кнігі «Літоўская пасціла» (Вільня, 1600). Найб. вядомасць прынёс яму выдадзены Я.Карцанам пераклад на польскую мову кнігі Іосіфа Флавія «Іудзейская вайна» (Вільня, 1595), з якога потым невядомым аўтарам быў зроблены пераклад на старабел. мову (не апублікаваны). Свой твор К. прысвяціў Крыштофу Зяновічу, пры гэтым пазначыў сваё месцазнаходжанне (Мосар). Пасля К. выдаў кнігі «Дух Данілы» («Manes Danielani», Вільня, 1603; зборнік вершаў на смерць кальвінісцкага святара Данілы Стафана Тэаліпта і яго блізкіх ) i «Валоскі арэх» («Orzech włoski», Вільня, 1603; вольны пераклад Авідзія). Хоць у паэтычнай творчасці поспехі К. былі даволі сціплымі, ён быў адным з самых пладавітых віленскіх паэтаў канца 16—пач. 17 ст.

Літаратура:

Кавалёў С. Сціплы служка муз: (Творчасць Яна Казаковіча Літвіна) // Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Мн., 2002. Вып. 2.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.