Артыкулы: Альтмаркскае перамір’е 1629
Альтмаркскаеперамір’е 1629 — перамір’е, якім скончылася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629. Падпісана 26.9.1629 у г. Альтмарк (цяпер в. Стары Тарг каля г. Мальбарк, Польшча) на 6 гадоў. Перагаворы ішлі з 1627 пры пасрэдніцтве Нідэрландаў, Прусіі і Брандэнбурга, Англіі і Францыі. Швецыя захавала заваяваныя ёю тэрыторыі ў Інфлянтах (да Дзвіны) і большасць партоў Усходняй і Заходняй Прусіі, акрамя Караляўца (Кёнігсберга), Гданьска і Пуцка, атрымла права на большую частку мытных збораў ад гандлю Рэчы Паспалітай праз Гданьск, дзе Польшча пазбаўлялася права будаваць і трымаць ваенны флот. Гарады Штум, Мальбарк і Ілава былі аддадзены ў секвестр брандэнбургскаму курфюрсту. Курляндскаму герцагу Швецыя вярнула Мітаву. Пацверджана вольнасць гандлю. Асобныя пагадненні Швецыя заключыла з Гданьскам (18.2.1629), з Георгам Вільгельмам як з герцагам Прусіі (16.11.1629) і з Курляндыяй (сак. і чэрв. 1630). Перамір’е дало магчымасць Швецыі ўступіць у Трыццацігадовую вайну 1618—1648 і пачаць ваенныя дзеянні супраць Свяшчэннай Рымскай імперыі. Альтмаркскае перамір’е было працягнута перамір’ем, заключаным 12.9.1635 у в. Штумсдорф (Шумска Весь) каля Гданьска на 26,5 года. Швецыя абавязвалася пакінуць захопленыя тэрыторыі ў Каралеўскай Прусіі, вярнуць польскі флот і права збору мыта з польскага гандлю, а кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў — не прэтэндаваць на шведскую карону на тэрмін дзеяння перамір’я. Дзейнічала да пачатку Паўночнай вайны 1655—1660.
Падрабязнасці:
Historia dyplomacji polskiej. Warszawa, 1982. T. 2. S. 51—56, 103—107.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


