Артыкулы: Казімір (святы)

Казімір (3.10.1458, г. Кракаў—4.3.1484), дзяржаўны дзеяч Польшчы і ВКЛ, святы рымска-каталіцкай царквы. 2-i сын караля польскага i вял. князя літоўскага Казiмiра IV Ягелончыка i Альжбеты Ракушанкi. Атрымаў гуманiстычнае выхаванне, сярод яго настаўнікаў былi гiсторык Я.Длугаш, паэт Калiмах, С.Шыдлавецкі; К. добра ведаў лацінскую і нямецкую мовы. Выхоўваўся як будучы венгерскі кароль (яго маці была адзінай законнай спадчынніцай чэшскай і венгерскай карон). У 1471 з 12-тысячным войскам рушыў на венгерскага караля Мацея Корвіна, аднак пацярпеў няўдачу. У 1474 удзельнічаў у перагаворах у Любліне з венецыянскім паслом А.Кантарыні, у час якіх абмяркоўвалася стварэнне антытурэцкай лігі. У 1475—76 разам з бацькам быў у ВКЛ. У 1476 удзельнічаў у перагаворах з крыжакамі ў Мальбарку. У 1479—81 у ВКЛ. Пасля таго, як была выкрыта змова 1481 і бацька выехаў у ВКЛ, К. стаў каралеўскім намеснікам Польшчы. Вясной 1483 выкліканы бацькам у Вільню, дзе яму даручана выконваць функцыі кароннага падканцлера. У Вільні вызначыўся клопатамі пра патрэбы жыхароў і апекай над касцёламі. Паводле пазнейшых біёграфаў, К. быў вельмі набожны і даў зарок цнатлівасці. У Вільні захварэў на сухоты і на шляху ў Люблін на сейм памёр у Гародні. Пахаваны ў капліцы Маці Божай Віленскага кафедральнага касцёла. У 1516 па ініцыятыве віленскага біскупа А.Радзівіла, капітула і мясц. бернардзінцаў пачаўся працэс беатыфікацыі К., які не быў скончаны ў сувязі са смерцю рымскага папы Льва Х у 1521, а матэрыялы, дасланыя з ВКЛ, загінулі ў 1527 у час нападу на Рым нямецкага войска. Папа Клімент VIII у 1602 зацвердзіў кананізацыю К. і літургію на яго свята. У 1636 астанкі К. перанесены ў новую капліцу кафедральнага касцёла (у 1953—89 знаходзіліся ў касцёле Пятра і Паўла). З 18 ст. набыў вял. папулярнасць віленскі фэст у гонар К. (4 сак.), які суправаджаўся кірмашом («казюкі», «Казюкас»). Сінод Віленскай дыяцэзіі ў 1613 пастанавіў лічыць патронамі Літвы святых Георгія, Мікалая і К., у 1636 гэта прызнаў рымскі папа Урбан VIII. У 17 ст. культ К. пашырыўся па ўсёй Рэчы Паспалітай, у т.л. сярод уніятаў. Цяпер К. – святы патрон Польшчы і Літвы, Вільнюскай і Кракаўскай архідыяцэзій, Беластоцкай, Гродзенскай, Драгічынскай, Ломжынскай, Пінскай і Радамскай дыяцэзій, папулярны як апякун моладзі. Іл. гл. таксама ў т. 1, с. 281, 290.

Літаратура:

Lipnicki A. Życie, cuda i część świętego Kazimira. 2 wyd. Wilno, 1907;

Prochaska A. Wyprawa Św. Kazimierza na Węgry (1471—1474) // Ateneum Wileńskie. 1923. № 1—2;

Jodziewicz A. Miejsce zgonu św. Kazimierza // Там жа. 1925. Z. 9;

Rabikauskas P. Šv. Kazimieras. Vilnius, 1993;

Samsonowicz H. Kaplica św. Kazimierza w Wilnie i uroczyste przeniesienie relikwii świętego w 1636 roku // Sztuka ziem wschodnich Rzeczypospolitej XVI—XVIII w. Lublin, 2000;

Ярашэвіч А. Святы Казімір у гісторыі і мастацтве // Наша вера. 2002. № 1;

Ankstyvieji šv. Kazimiero «Gyvenimai» / Sudarė M.Čiurinskas. Vilnius, 2004;

Kiryk F. Królewicza Kazimierza Jagiellończyka działalność publiczna // Studia historyczne. 2005. Z. 1.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.