Артыкулы: Калецкі Мацей
Калецкі Мацей (каля 1498—30.12.1576), палітычны і рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай. Паходзіў з сялянскага роду з Мазовіі, першапачаткова зваўся Мацей з Манколіна. Магчыма, атрымаў вышэйшую адукацыю. Мяркуецца, што пачаў кар’еру пры двары апошніх мазавецкіх князёў. Яму спрыяў плоцкі біскуп (з 1527) Анджэй Кшыцкі, які прыняў К. ў сваё гербавае брацтва і надаў яму герб «Котвіч»; набілітаваны на сойме 1533. Пасля служыў пры двары вял. княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны, памочнік яе лацінскага сакратара Яна Лявіцкага, потым сакратар Боны (лічыўся яе галоўным сакратаром). Прыкладна з 1547 сакратар вял. князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста, узначальваў лац.-польскі аддзел канцылярыі ВКЛ. Атрымаў ад Боны і Жыгімонта Аўгуста шмат бенефіцый у Польшчы і ВКЛ, у т.л. алтарыю Св. Тройцы ў Мейшагале (1533), пасады каноніка віленскага, прэпазіта троцкага (да 1548). Да 1533 набыў з братам Паўлам (д-р абодвух правоў, будучы абат плоцкі) маёнтак Калечыцы ў Лідскім пав., дзе фундавалі касцёл. Ад назвы маёнтка ўтварылася прозвішча К. У старасці К. вярнуўся ў Мазовію, жыў у Пултуску.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне