Артыкулы: камуністы (ксяндзы агульнага жыцця)

камуністы, ксяндзы агульнага жыцця, супольнасць свецкіх ксяндзоў (Інстытут свецкіх ксяндзоў у агульным жыхарстве, лац. InstitutumSacerdotumSaeculariuminCommuniViventium). Засн. у 1640 нямецкі ксёндз Б.Гольцгаўзер. Статут К. зацверджаны папам Інакенціем ХІ у 1684. Жылі невял. абшчынамі (лац. vitacommunis агульнае жыццё, адсюль і назва) з агульнай маёмасцю, без жаночай прыслугі. Давалі зарок на пажыццёвае знаходжанне ў суполцы, паслушэнства свайму старшаму, але не былі манахамі. Мэтай руху К. абвяшчалася годнае жыццё і душпастарская дзейнасць, а шляхам яе рэалізацыі – утрыманне дыяцэзіяльных і ўласных духоўных семінарый. Адчынялі таксама пачатковыя і сярэднія школы, дамы ксяндзоў-пустэльнікаў (тых, хто прымаў манаскія зарокі). Падлягалі ўладзе мясц. біскупаў. У Польшчы К. з'явіліся ў 1683. З 1684 кіравалі семінарыяй у Янаве на Падляшшы. У 1695 ім перададзены касцёл св. Карла Барамея ў Караліне каля Пінска, дзе адчынілі ўласную семінарыю. У 1704 луцка-берасцейскі біскуп А.Выгоўскі перадаў К. калегіум вікарыяў пры кафедральным касцёле ў Луцку і калегіум у Алыцы, а ў 1711 – прэпазітуру ў Венграве. У 1726 К. адчынілі ўласную семінарыю ў Берасці (паводле некат. даных, пачала дзейнічаць пасля новай фундацыі мясц. пробашчам Пятром Шпаненбергам і яе зацвярджэння біскупам Ф.П.Турскім у 1773). У 1736, 1739—65 працавалі ў Віленскай духоўнай семінарыі. Месцамі душпастарскай дзейнасці К. сталі прэпазітуры ў Камянцы (1717), Беластоку (1746), Шкудах у Жамойці, Бераставіцы, шпітальная прэпазітура св. Роха ў Вільні. У канцы 18 ст. К. працавалі ў шматлікіх парафіях у Віленскім і Луцка-Берасцейскім біскупствах (на мяжы 18—19 ст. ў Берасцейскім біскупстве – у 23 парафіях). У Рэчы Паспалітай К. мелі свайго старшыню, якога выбіралі на генеральным капітуле на 8 гадоў.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.