Артыкулы: Альшэўскі Якуб
Альшэўскі Якуб (каля 1585, Мазовія—5.6.1634) — каталіцкі рэлігійны дзеяч, пісьменнік, педагог. Доктар тэалогіі (1623).
З 1603 езуіт. Вучыўся ў Пултуску, Вільні, Нясвіжы. Выкладаў у езуіцкіх навучальных установах у Браневе (1614—1615), у Вільні (1615—1619 і 1620—1631), у Пултуску (1619—1620). Дэкан філасофскага і тэалагічнага факультэтаў Віленскай акадэміі (1631—1633), віцэ-канцлер акадэміі (1633—1634). Выдатны тэолаг і прапаведнік. Аўтар шматлікіх акалічнасных казанняў, перавыдадзеных у кнізе «Казанні або тытулы … розных гадоў розным асобам прысвечаныя» («Kazania albo tytuły … różnych lat różnym osobom wystawione», Вільня, 1645). Уздымаў пытанні небяспекі граніц Рэчы Паспалітай, цяжкага становішча сялян, заганнасці дзяржаўнага ладу, свавольства шляхты. Прапаноўваў соймавым паслам далучацца да думкі большасці, а не кіравацца інструкцыямі соймікаў і прынцыпам «ліберум вета».
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


