Артыкулы: канвісарства

канвісарства, рамяство па вытворчасці рэчаў з волава. Апрацоўка волава вядома на Русі і Літве са старажытных часоў. У пісьмовых крыніцах ВКЛ слова «канвісар» («конвисаръ», рамеснік, які займаецца К.) упершыню згадваецца ў 1545, паходзіць ад нямецкага Kanngiesser праз польскае пасрэдніцтва (konwisarz). У Вільні майстры-канвісары вядомы з 1545, у 1595 складзены 1-ы статут віленскага канвісарскага цэха, у 1611 кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт ІІІ зацвердзіў статут гэтага цэха, які аб’ядноўваў майстроў нямецкага паходжання. Канвісары ўпамінаюцца ў Магілёве з 1-й пал. 17 ст., у 1635 яны разам з інш. металістамі далучаны да рамеснага цэха злотнікаў, у 1650 утварыўся асобны канвісарскі цэх. У Менску ў 1800 зафіксаваны 42 канвісары. Асноўнай прадукцыяй канвісараў быў алавяны посуд (талеркі, міскі, збаны, куфлі, кубкі), выраблялі таксама лыжкі, шаты, скрынкі, таблічкі, падсвечнікі, труны і інш. Рэчы звычайна спачатку адліваліся, пасля апрацоўваліся (гравіраваліся, паліраваліся, лакіраваліся, пакрываліся шляхетнымі металамі і інш.), некаторыя рэчы выкоўваліся з алавянай бляхі, складаныя рэчы рабіліся шляхам алавянай пайкі дэталяў. Каб волава было больш цякучае і запаўняла дробныя дэталі формы, дя яго дадавалі свінец. Звычайна доля свінца складала 1/10, у больш якасных рэчаў была 1/15, у нехарчовым начынні дасягала 1/6. Пад уздзеяннем марозаў волава губляла свае якасці і ператваралася ў шэры парашок. Звычайна алавянны посуд служыў 30 гадоў. Адносная нетрывалась волава тлумачыць невял. колькасць захаваных вырабаў канвісараў ВКЛ. Волава ў ВКЛ прывозілася з Германіі (Рудные горы), Чэхіі, Польшчы. Звычайна алавянные вырабя кляйміліся, пашыраным еўрапейскім кляймом былі выявы багіні Юстыцыі з шалямі ў руках. У ВКЛ клеймы вядомы ў віленскіх канвісараў з 17 ст., у 18 ст. яны мелі выяву герба «Пагоня», Юстыцыі.

Літаратура:

Doubek F.A. Beiträge zur Geschichte des Deutschtums in Wilna. І. Das Zunftbuch der Wilnaer Zinngiesser // Deutsche Wissenschaftliche Zeitschrift für Polen. Posen, 1929. H. 17;

Яго ж. W sprawie składu narodowościowego i wyznaniowego cechu konwisarskiego w Wilnie // Ateneum Wileńskie. 1930. R. 7. Z. 1—2;

Volkaitė-Kulikauskienė R., Jankauskas K. Iš senosios lietuvių amatininkystės istorijos: (alavas senuosiuose lietuvių papuošaluose) // Lietuvos archeologija. Vilnius, 1992. Kn. 8;

Indriulaitytė R. Vilniaus alavoliejikų cechas XVI—XIX a.: Istorija ir veikla // Menotyra. 1996. № 2.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.