Артыкулы: Алякнá Антанас
Алякнá Антанас (Alekna Antanas) (19.12.1872, в. Шнюрайчай, цяпер Радвілішкаўскі р-н, Літва—12.6.1930) — літоўскі гісторык.
Вучыўся ў Ковенскай духоўнай семінарыі (да 1894), Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1894—1897). З 1897 ксёндз, парафіяльны вікарый, з 1906 каўнаскі кафедральны вікарый, канонік. У 1907—1919 рэдактар часопіса «Vienybė» («Адзінства»). З 1917 выкладаў у Каўнаскай духоўнай семінарыі, з 1922 прафесар тэалагічна-філасофскага факультэта Каўнаскага ўніверсітэта. Выдаў падручнік для школ «Літоўская гісторыя» («Lietuvos istorija», 1911, пашыранае выданне 1923, польскі пераклад 1923), манаграфію «Жамойцкі біскуп Мацеюс Валанчус» («Žemaičių vyskupas Motiejus Valančius», 1923), працы па гісторыі царквы «Кароткая гісторыя царквы» («Trumpa Bažnyčios istorija», 1906), «Літоўская каталіцкая царква» («Katalikų bažnyčia Lietuvoje», 1926), «Святы Казімір» («Šv. Kazimieras», 1927), «Гісторыя літоўскага касцёла» («Lietuvos Bažnyčios istorija», 1929). Стаяў на пазіцыях пазітывізму, гістарычныя факты аддзяляў ад рамантычных легенд.
© Валерый Пазднякоў, 2005+
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


