Артыкулы: Аляксей Міхайлавіч
АляксейМіхайлавіч [Алексей Михайлович; 20(30).3.1629, Масква—8(28).2.1676], рускі цар [1645—76]. З дынастыі Раманавых, сын цара Міхаіла Фёдаравіча. Выхоўваўся баярынам Б.І.Марозавым, які з 1645 фактычна правіў. А.М. пачаў правіць краінай з 1648, калі паабяцаў маскоўскім паўстанцам адхіліць Марозава ад спраў. Удзельнічаў у складанні і рэдагаванні Саборнага ўлажэння 1649. Для ўзмацнення цэнтралізацыі кіравання дзяржавай у 1654 стварыў Прыказ тайных спраў, перастаў склікаць Земскія саборы. Правёў пасадскую, царкоўную, мытную, грашовую і інш. рэформы, рэарганізаваў узброеныя сілы, прыцягваў на службу іншаземцаў. Пры ім адбыліся паўстанні гараджан у Маскве (1648, 1662), Ноўгарадзе і Пскове (1650), Салавецкае паўстанне (1668—76), сялянская вайна пад кіраўніцтвам С.Разіна 1670—71. У 1654 падначаліў Украіну. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на чале адной з армій заняў у 1654 Смаленск, у 1655 Веліж, Менск, Вільню і інш. Прыняў тытул вял. князя смаленскага, полацкага, віцебскага і мсціслаўскага, а са жн. 1655 — вял. князя літоўскага, «всеа Великиа, и Малыа, и Белыа Росии самодержец». Раздаваў бел. землі рас. дваранам і баярам, прымусова перасяляў жыхароў Беларусі (асабліва рамеснікаў) у Расію. У 1656—58 вёў вайну са Швецыяй. Аўтар няскончаных мемуараў пра вайну 1654—67. Запрасіў у Маскву выхавацелем царэвічаў Сімяона Полацкага.
Творы:
Собрание писем царя Алексея Михайловича. М., 1856;
Письма русских государей и других особ царского семейства. Т. 5. Письма царя Алексея Михайловича. М., 1896;
Сочинения царя Алексея Михайловича // Памятники литературы Древней Руси: XVII век. Кн. 1. М., 1988.
Літаратура:
Заозерский А.И. Царская вотчина XVII в.: Из истории хозяйственной и приказной политики царя Алексея Михайловича. 2 изд. М., 1937;
Душечкина Е.В. Царь Алексей Михайлович как писатель: (Постановка проблемы) // Культурное наследие древней Руси. М., 1976;
Андреев И. Алексей Михайлович. М.: Молодая гвардия, 2003. 638 с.;
Fuhrmann J.T. Tsar Alexis, his reign and his Russia. S.l., 1981; Андреев И. Алексей Михайлович. М., 2003.
© Валерый Пазднякоў, 2010, 2014
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


