Артыкулы: Кіеўскае ваяводства

Кіеўскае ваяводства, адм.-тэр. адзінка ВКЛ і Польскага каралеўства. Утворана ў 1471 замест Кiеўскага княства. Падзялялася на Асцёрскі, Жытомірскі, Кіеўскі, Любецкі, Мазырскі, Оўруцкі, Пуціўльскі, Чаркаскі, Чарнобыльскі паветы. У 1507 і 1529 К.в. атрымала ад вял. князя Жыгiмонта Старога прывілеі, якія гарантавалі ваяводству пэўныя аўтаномныя правы. У час адм.-тэр. рэформы 1565—66 са складу К.в. вылучаны Мазырскі пав., які ўключаны ў Менскае ваяв. На Люблiнскiм сойме 1569 у час заключэння унii ВКЛ з Польшчай дэпутаты К.в. выступiлi за далучэнне ваяводства да Польскага каралеўства, што зацверджана каралеўскім прывілеем 6.6.1569. У 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. К.в. падзялялася на Жытомiрскi, Кiеўскi i Оўруцкi пав., існавалі Белацаркоўскае, Багуслаўскае, Канеўскае, Корсунскае, Раманаўскае, Чаркаскае i Чыгiрынскае стараствы. У складзе Кiеўскага пав. былі крайнiя паўд.-ўсх. землi сучаснай Беларусi, у т.л. Брагiн i Лоеў. Паводле Збораўскага дагавора 1649 памiж гетманам Б.Хмяльнiцкiм i каралём Янам II Казiмiрам некаторыя тэрыторыi К.в., у т.л. Кiеўскi пав., аддадзены ў гетманскае кiраванне, у 1660 зноў падпарадкаваны Польшчы. Паводле Андросаўскага перамiря 1667 у К.в. засталiся толькi правабярэжныя паветы (без Кiева), цэнтрам ваяводства стаў Жытомiр. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалiтай (1793) тэр. К.в. ўвайшла ў склад Кiеўскага i Валынскага намеснiцтваў Рас. iмперыi.

Ваяводы кіеўскія ў ВКЛ: М.Гаштольд (1471—80), І.Хадкевіч (1480—84), Юрый Пацавіч (1486—92), Дз.І.Друцкі (Пуцяціч; 1492—1505), І.Л.Глінскі (1505—06), Ю.М.Мантоўтавіч (1507—08), Ю.А.Гальшанскі (1508—10), Ю.М.Радзівіл (1511—1514), А.Я.Неміровіч (1514—1540), А.М.Сангушка (1540—42, фармальна спраўца, г.зн. намеснік ваяводы), Я.Ю.Гальшанскі-Дубровіцкі (1542—44), Ф.Г.Пронскі (1544—55), Р.А.Хадкевіч (1555—59), К.(В.)К.Астрожскі (1559—1608).

Кашталян кіеўскі ў ВКЛ — П.І.Сапега (1566—80).

Літаратура:

Клепатский П.Г. Очерки по истории Киевской земли. Т. 1. Литовский период. Одесса, 1912;

Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII wieku: Spisy. T. 3. Ziemie ruskie. Z. 4. Urzędnicy województw kijowskiego i czernihowskiego XV—XVIII wieku: Spisy / Opracowali E.Janas i W.Kłaczewski. Kórnik, 2002.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.