Артыкулы: Аляхновічы

Аляхновічы, шляхецкі род герба «Ляліва». Родапачынальнік — літ. баярын Рымавід, які жыў у пач. 15 ст. і быў, відаць, сваяком Манівіда, Гедыголда і Вяжа. Меў сыноў Юрыя (родапачынальнік Забярэзінскіх) і Алехну, нашчадкі якога зваліся А. Найб. вядомыя:

Алехна Рымавідавіч (?—1456), сын Рымавіда. Маршалак гаспадарскі з 1447. Валодаў маёнткамі Забярэззе і Крывічы на Ашмяншчыне. Меў сыноў Пятра, Станіслава, Мікалая і Андрэя.

Пётр Алехнавіч (?—1516), сын Алехны Рымавідавіча. Маршалак П.Я.Мантыгірдавіча ў 1488, кухмістр ВКЛ з 1492; намеснік аліцкі і неманойцкі ў 1494—1502, скірстымонскі ў 1505—07, уцянскі з 1514. У 1499 пасол у Малдову. Падпісаў як сведка дагавор 1501 з Інфлянцкім ордэнам. На Гарадзенскім сойме 1501 прызначаны вял. князем ВКЛ Аляксандрам дэлегатам на Пётркаўскі сойм, скліканы для абрання Аляксандра на польскі трон і заключэння уніі з Польшчай. У 1506 адзін з паслоў ВКЛ на Люблінскі сойм для перагавораў аб дзярж. уніі. У 1507 адпраўлены паслом у Маскву, дзе быў затрыманы на год. Валодаў маёнткамі ў Літве, Жамойці, на Валыні і Кіеўшчыне. Яго сыны Станіслаў і Мікалай зваліся Кухмістровічамі.

Андрэй Алехнавіч (?—?), сын Алехны Рымавідавіча. Намеснік ожскі, пераломскі і борцкі ў 1493—94. Пасол у Маскву ў 1493.

Станіслаў Пятровіч (Кухмістровіч; ?—?), сын Пятра Алехнавіча.У 1528 намеснік віленскага біскупа Яна ў Шаўлях, ставіў у войска 3 коннікаў.

Мікалай Пятровіч (Кухмістровіч; ?—каля 1548), сын Пятра Алехнавіча. Каралеўскі дваранін у 1532—34, мечнік ВКЛ з 1539. У 1547 атрымаў ад вял. кн. Жыгімонта Аўгуста на 2 гады Чарнобыль, аднак хутка памёр. У 1547 атрымаў дазвол закласці ў сваіх уладаннях г. Дарагастаі. Меў сыноў Мікалая, Пятра, Яна, Станіслава, Якуба. Мікалай атрымаў пасля бацькі Дарагастаі і даў пачатак роду Дарагастайскіх.

Юрый (Іжык; ?—?), сын Мікалая Алехнавіча, унук Алехны Рымавідавіча. У 1528 ставіў у войска 17 коннікаў. Родапачынальнік Іжыкавічаў.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.