Артыкулы: Кіеўская рымска-каталіцкая епархія

Кіеўская рымска-каталіцкая епархія, адм.-тэр. адзінка рымска-каталіцкай царквы. Заснавана ў 1-й пал. 14 ст. (фармальна — каля 1405). Захады па ўтварэнні епархіі ў 1-й пал. 13 ст. рабілі польскія дамініканцы, аднак у 1233 яны выгнаны з Кіева. У 1320 біскуп любускі Стафан прызначыў біскупам кіеўскім Генрыка з Паздавілька, які быў зацверджаны рымскім папам Янам ХХІІ. Відаць, хутка пасля епархія заняпала. У 1375 папа Грыгорый ХІ пытаўся ў арцыбіскупа гнезненскага Януша Сухывілька, ці мае касцёл у Кіеве правы кафедральнай святыні. Відаць, канчаткова юрыдычна аформіў епархію польскі кароль Уладзіслаў ІІ (Ягайла) каля 1405. Першапачаткова епархія ахоплівала Кіеўскае, Чарнігаўскае, Смаленскае, Мажайскае княствы, ноўгарад-северскія землі. Кафедра кіеўскіх біскупаў знаходзілася ў касцёле св. Яна Хрысціцеля. У 1-й пал. 17 ст. налічвала 19 парафій, 4 касцёлы былі ў Кіеве, рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў Кіеве. У 1619 заснавана капітула з 3 прэлатаў і 4 канонікаў. У 1635 смаленскія землі ўвайшлі ў склад Смаленскай рымска-каталіцкай епархіі. Пасля заключэння Андросаўскага перамір’я 1676 і «Вечнага» міру 1686 епархія ахоплівала толькі Кіеўскі, Оўруцкі і Жытомірскі паветы, рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў Жытоміры. У сярэдзіне 18 ст. епархія падзялялася на 2 архідыяканаты (Кіеўскі і Чарнігаўскі), 3 дэканаты (Фастаўскі, Оўруцкі, Жытомірскі), налічвала 21 парафію (у 1793 — 43 парафіі), працавала духоўная семінарыя.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.