Артыкулы: Аматус Сільвіус

АматусСільвіус (Сільвіо дэ Маціо; Amatus Sylvius, Silvio de Mathio) Сікулюс Джавані (паміж 1465—70, г. Палерма, Італія—1537), прававед, педагог, гуманіст. Вучыўся ў Падуанскім ун-це, дзе атрымаў ступені магістра свабодных навук і доктара абодвух правоў. З 1501 у Кракаве, дзе працаваў настаўнікам моладзі з арыстакратычных сем’яў, у т.л. П.Гальшанскага. Верагодна, у гэты час напісаў пед. трактат «Аб навучанні каралеўскага дзіцяці» («De institutione regii pueri»). Пасля ксёндз і з 1503 выкладчык гуманітарных прадметаў у Кракаўскай акадэміі, у 1506 упершыню ў Польшчы пачаў выкладаць грэчаскую мову. Магчыма, у А.С. вучыўся Ф.Скарына, які сустракаўся з А.С. і ў 1520-я г. ў Літве. У 1508 А.С. быў звольнены і пераехаў у ВКЛ на службу да І.С.Сапегі, канцлера вял. княгіні ВКЛ Алены Іванаўны; у складзе яго пасольства наведаў у 1508 Маскву. У 1510—12 зноў выкладчык Кракаўскай акадэміі. У 1515 атрымаў бенефіцыю ў Жамойцкім біскупстве, дзякуючы чаму мог займацца літаратурнай дзейнасцю. З 1529 настаўнік каралевіча Жыгімонта Аўгуста. Схаластык, з 1518 канонік і афіцыял Віленскага кафедральнага касцёла, пробашч у Лідзе і Віцебску. Надрукаваў некалькі рэкамендацыйных вершаў і лістоў у творах інш. пісьменнікаў. Меў значную бібліятэку. Падтрымліваў кантакты з многімі гуманістамі Еўропы. Праціўнік Эразма Ратэрдамскага. Дзейнасць А.С. спрыяла пашырэнню ў Польшчы і ВКЛ рэнесансава-гуманістычных поглядаў.

Літаратура:

Barycz H. Sycylijski pionier kultury renesansowej w Polsce // Barycz H. W blaskach epoki Odrodzenia. Warszawa, 1968.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.