Артыкулы: Андрайкевіч (Гінтаўт-Андрайкевіч) Ян Андрэй
Андрайкевіч (Гінтаўт-Андрайкевіч) Ян Андрэй (1609, Ашмянскі пав.—4.10.1673), каталіцкі рэліг. дзеяч, пісьменнік, педагог. З 1628 езуіт. Вучыўся ў Вільні. Прэфект б-кі Полацкага калегіума (1631—33), прапаведнік у Варшаве, рэктар Полацкага калегіума (1650—53), спавядальнік падканцлера ВКЛ К.Л.Сапегі ў яго вайсковых абозах (1653—54), пасля ў Варшаве і Рашалі, рэктар Нясвіжскага калегіума (1670—73), місіянер у Тыкоціне. Аўтар пахавальнага казання «Мемарыял несмяротнай памяці» («Memoriał nieśmiertelnej pamięci», Вільня, 1667), дзе даў звесткі пра жыццё Сапегі, змясціў партрэты і гербы прадстаўнікоў роду Сапегаў. Яго тэалагічны твор «Гарчычнае зерне горкай пакуты найсалодшага Збавіцеля» («Ziarno gorczyczne gorzkiej męki najsłodszego Zbawiciela», Вільня, 1673) карыстаўся вял. папулярнасцю, неаднаразова перавыдаваўся (Вільня, 1688, 1757; Замосце, 1701; Каліш, 1746, 1756; Кракаў, 1881), перакладзены на ням. мову (Рэгенсбург, 1719).
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


