Артыкулы: Андросаўскае перамір’е 1667

Андросаўскаеперамір’е 1667, перамір’е, якім скончылася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Падпісана 9.2.1667 у в. Андросава (Андрусава, у Смаленскім ваяв. на мяжы з Мсціслаўскім ваяв.) прадстаўнікамі Расіі на чале з А.Л.Ардын-Нашчокіным і Рэчы Паспалітай на чале з Ю.Глябовічам. Дэлегацыі абедзвюх дзяржаў з 10.5.1666 да пач. 1667 правялі ў Андросаве 35 пасяджэнняў. Перамір’е заключана на 13,5 года. Паводле дагавора, да Расіі перайшлі Смаленскае ваяв. з гарадамі Смаленск, Дарагабуж, Белы, Рослаўль, Мглін, Сураж, Старадуб, Папова Гара, Чарнігаўскае ваяв. з гарадамі Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Глухаў, а таксама гарады Веліж і Невель Віцебскага ваяв., г. Себеж Полацкага ваяв. Рэч Паспалітая прызнала далучэнне Левабярэжнай Украіны да Расіі і згадзілася на перадачу Расіі Кіева і яго прыгарадаў у радыусе 1 мілі да 15.4.1669 (не быў вернуты Рэчы Паспалітай). Запарожская Сеч апынулася пад агульным кіраўніцтвам абедзвюх дзяржаў. Беларусь і Правабярэжная Украіна засталіся ў межах Рэчы Паспалітай, іх насельніцтву гарантавалася свабода правасл. веравызнання і недатыкальнасць правасл. епархій. Палонныя сяляне з ВКЛ на тэрмін дзеяння перамір’я заставаліся ў Расіі, у ВКЛ вярталіся вывезеныя архівы, бібліятэкі, царкоўныя рэчы і званы. Расія абавязвалася выплаціць шляхце кампенсацыю за страчаныя маёнткі. Абвяшчалася свабода гандлю. А.п. засведчыла канец тэрытарыяльнай экспансіі Рэчы Паспалітай на У, рост уплыву Расіі ва Усх. Еўропе і стала пачаткам саюзу Рэчы Паспалітай і Расіі супраць Турцыі і Крымскага ханства. А.п. некалькі разоў працягвалася і ўдакладнялася ў 1667—72. Яго ўмовы ў асноўным пацверджаны «Вечным мірам» 1686.

Літаратура:

Wójcik Z. Traktat andruszowski 1667 r. i jego geneza. Warszawa, 1959;

Галактионов И.В. Из истории русско-польского сближения в 50—60-х годах XVII века: (Андрусовское перемирие 1667 года). Саратов, 1960;

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.