Артыкулы: Коршунаў Аляксандр Фамiч
Коршунаў Аляксандр Фамiч (4.3.1924, в. Палiшына Горацкага р-на—12.7.1991), беларускi гісторык лiтаратуры, тэкстолаг. Канд. фiлалагічных навук (1956). Скончыў БДУ (1950). Удзельнiк Вял. Айч. вайны. З 1954 у Iн-це л-ры імя Я.Купалы АН БССР (з 1956 старшы навуковы супрацоўнiк). Даследаваў старажытную бел. л-ру. Складальнік «Хрэстаматыі па старажытнай беларускай лiтаратуры» (Мінск, 1959). Выдаў «Прадмовы i пасляслоўi» і «Творы» Францішка Скарыны (Мінск, 1969, 1990), «Баркулабаўскую хроніку» і «Лісты» Філона Кміты-Чарнабыльскага («Помнiкi старажытнай беларускай пiсьменнасцi», Мінск, 1975), «Дзённікі» Фёдара Еўлашоўскага і Яна Цадроўскага («Помнiкi мемуарнай лiтаратуры Беларусi XVII ст.», Мінск, 1983). Пераклаў с польскай мовы і забяспечыў каментарыямі дыярыуш Самуіла Маскевіча (не выдадзены). Даследаваў асаблівасці выданняў Скарыны, уздзеянне тэхнікі і мастацтва яго кнігадрукавання на творчасць Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца. Адзiн з аўтараў «Гiсторыi беларускай дакастрычнiцкай лiтаратуры» (Мінск, т. 1, 1968). Дзярж. прэмiя БССР iмя Я. Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаваннi «Гiсторыя беларускай дакастрычнiцкай лiтаратуры» i «История белорусской советской литературы» (Мінск, 1977).
Творы:
Афанасий Филиппович. Жизнь и творчество. Мн., 1965;
Знойдзена «Пасхалія» // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 4;
Нататкі з падарожжа па Сібіры ў XVII ст.: («Дыярыуш» Адама Каменскага) // Весці АН БССР. Сер. грам. навук.1973. № 1;
Новыя даныя аб Фёдары Еўлашоўскім // Там жа. 1983. № 1.
Літаратура:
Батвіннік М.Б. Даследчык беларускай старажытнай літаратуры // Весці АН Беларусі. Сер. грам. навук. 1992. № 3—4;
Кароткі У. «З зычливости ку моей отчизне…» // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1994;
Чамярыцкі В. Пачынальнік: да 80-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Коршунава // Роднае слова. 2004. № 3;
Гедзімін Л. Ён даў нам магчымасць ганарыцца мінулым...: Навуковы шлях Аляксандра Коршунава // Роднае слова. 2009. № 7.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


