Артыкулы: Коўна
Коўна (літ. Каўнас, Kaunas, цяпер горад, цэнтр Каўнаскага р-на і павета, Літоўская Рэспубліка), горад, цэнтр Ковенскага павета Троцкага ваяв., на р. Нёман пры ўпадзенні Віліі. У 10—12 ст. тут існавала неўмацаване паселішча, у сярэдзіне 14 ст. пабудаваны мураваны Ковенскі замак. К. ўпершыню згадваецца ў 1361. Неаднаразова падвяргалася нападам крыжакоў (1362, 1385, 1391, 1400 і інш.). У 1384 упершыню названа горадам. У 1404 тут адбылася сустрэча вял. князя Вітаўта з вял. магістрам Тэўтонскага ордэна, а ў 1408 — сустрэча з вял. магістрам Вітаўта і Ягайлы. У 1408 ад Вітаўта К. атрымала магдэбургскае права. Гар. правы пацвярджаліся і пашыраліся ў 1444, 1463, 1492, 1508, 1540, 1541, 1547, 1574, 1665, 1676 і інш. Карысталася гербам з выявай быка з крыжам над ім (пазней крыж паміж рагамі быка). З 1413 К. — цэнтр павета ў складзе Троцкага ваяв. З 15 ст. забудоўвалася мураванымі прыватнымі, грамадскімі і царк. пабудовамі. У 1400 заснаваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (пасля францысканскі), у 1413 — касцёл св. Пятра і Паўла, у 1468 —бернардзінскі кляштар. З канца 15 ст. вядомы касцёл св. Мікалая (пасля бенедыкцінскі), касцёл св. Гертруды і т.зв. «Дом Пяркунаса». У 1542 збудавана мураваная ратуша. У пач. 16 ст. ў К. паселены і памёр былы хан Вял. Арды Шых-Ахмед. З 16 ст. К. — значны рамесны і гандлёвы цэнтр ВКЛ. У горадзе дзейнічалі мытня і порт, праз які па Нёмане сплаўляліся тавары ў Прусію. У 1441—1532 у К. існавала кантора ганзейскіх купцоў, было значнае нямецкае насельніцтва, якое прымала гар. юрысдыкцыю і мела прадстаўніцтва ў магістраце. Двойчы ў год у К. праводзіліся кірмашы. З 16 ст. тут будавалі караблі, выраблялі паперу, адлівалі званы і гарматы, працавалі рамеснікі больш як 40 спецыяльнасцей, у сярэдзіне 17 ст. дзейнічаў Ковенскі манетны двор. У канцы 16 ст. пабудаваны лютэранскі збор, дзе служыў П.Одэрборн, заснаваны кляштар бернардзінак. У 1473 упершыню згадваецца прыходская школа, у 1653 адчынены Ковенскі езуіцкі калегіум, які у 1782 Адукацыйная камісія ператварыла ў пачатковую 3-класную школу. К. значна пацярпела ад эпідэмій 1657 і 1709, пажараў 1670 і 1732, паводак 1625 і 1715. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 рас. войскі 18.8.1655 узялі К., у верасні 1655 горад на некалькі дзён захоплены шведскімі войскамі, пасля зноў расійскімі, 26.12.1661 вызвалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у 1702 праз горад прайшлі шведскія войскі. У 1708 заснаваны кляштар кармелітаў босых, якім у 1772 перададзены касцёл Св. Крыжа. У канцы 17 ст. ў К. пачалі сяліцца яўрэі. З-за супярэчнасцей у галіне гандлю ў 1753 задворны асэсарскі загадаў яўрэям пакінуць горад, што адменена ў 1782. У час вайны з Расіяй 20.6.1792 у К. ўвайшлі рас. войскі, тут створана мясц. канфедэрацыя ў падтрымку Таргавіцкай канфедэрацыі. У 1794 праз К. праходзілі паўстанцкія войскі, быў абвешчаны акт паўстання. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковны, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам. Ч. 2. Вильна, 1843;
Гуковский К.П. Город Ковна: Краткий ист.-статистический очерк. Ковна, 1904;
Балтушникас З. Каунас. Вильнюс, 1974;
Каунас: Пер. с лит. Вильнюс, 1977;
Oksas J. Kaunas karo su kryžiuočiais epochoje. Kaunas, 1995;
Kauno istorijos metraštis T. 1—6. Kaunas, 1998—2005;
Bičiūnas V. Kaunas 1030—1930. 2 leid. Kaunas, 1999.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


